У Бешанковічах знайшліся сваякі скандальнай Монікі Лявінскі
Скандальна вядомая Моніка Лявінскі вядзе свой род з беларускіх земляў і нават наведвала нашу краіну ў 1987 годзе. Тут у яе засталіся сваякі, піша газета "Звязда".
Фотаздымак з 14-гадовай Монікай нават трапіў у адну з краязнаўчых кніг па гісторыі Бешанковічаў. Яе аўтар Анатоль Крачкоўскі кажа, што на фота — Моніка са сваякамі ля лодкі на беразе Заходняй Дзвіны.
Моніка Сэміл Левінскі нарадзілася летам 1973 года ў Сан-Францыска. А ў Віцебску жыў яе родны дзядзька Міхаіл. У 1987 годзе Міхаіл вазіў свайго брата Беню і яго дачку Моніку ў Бешанковічы да сваякоў. Тады і была зробленая фатаграфія.
Дарэчы, Міхаіл Лявінскі сцвярджае, што яны знаходзяцца ў сваяцтве з Маркам Шагалам. Іх дзед ажаніўся з сястрой сусветна славутага мастака.
Фота: zviazda.by