У Брандэнбургу паліцыя затрымала ў школе мужчыну з нажом і пісталетам
На месцы спецаперацыі
У Брандэнбургу паліцыя затрымала ў школе мужчыну з нажом і пісталетам. Падчас затрымання сам падазраваны і адзін з паліцэйскіх атрымалі лёгкія раненні. Пра іншых пацярпелых інфармацыі пакуль няма, паведамляе Bild.
Першы сігнал трывогі паступіў у паліцыю пасля 7-й гадзіны раніцы па мясцовым часе. Супрацоўнікі школы выклікалі праваахоўнікаў пасля таго, як убачылі перад будынкам узброенага мужчыну. У гэты час у навучальнай установе ўжо былі настаўнікі, аднак да канца не ясна, ці прыйшлі самі вучні. Па раскладзе заняткі пачынаюцца а 8-й раніцы.
У выніку падазраванага затрымалі ў будынку школы, яму 22 гады. "Нашы сілы праніклі ў будынак і змаглі параўнальна хутка абясшкодзіць падазраванага", — паведаміў прадстаўнік паліцыі Брандэнбурга.
Праваахоўнікі правяраюць будынак школы. "У прынцыпе, мы мяркуем, што ніякіх небяспек больш няма. Ніякіх сведчанняў прысутнасці ў будынку іншых людзей таксама няма", — кажуць яны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.