У Брэсце маці, якая да смерці збіла дзіця, атрымала 15 гадоў турмы

16 сакавіка Брэсцкі абласны суд агучыў прысуд па справе аб забойстве 5-месячнага Сашы. Яго маці, Наталля Т., асуджаная на 15 гадоў калоніі агульнага рэжыму (пракурор патрабаваў 17 гадоў). Таксама яна мусіць заплаціць свайму мужу 100 млн кампенсацыі за маральныя страты (ён прасіў 150 млн рублёў). Жанчына сустрэла прысуд моўчкі, без істэрыкі, толькі крыху расплакалася.

Нагадаем, у лістападзе мінулага года хлопчыка жорстка збіла 20-гадовая маці. Як паведамляла Еўрарадыё, жанчыну затрымала міліцыя, была распачатая крымінальная справа па артыкуле "замах на забойства". Дзіця было шпіталізаванае з цяжкімі траўмамі галавы, з пераломам пляча. Яго жыццё выратаваць не ўдалося, праз некалькі дзён Саша памёр.

У першы дзень на судзе былі агучаныя траўмы, якія атрымала дзіця. У жыццёва важныя органы было нанесена не менш за дзевяць удараў... У ноч трагедыі, калі муж быў на працы ў начную змену, Наталля з маці адзначыла наваселле ў здымнай кватэры — на дваіх выпілі дзве бутэлькі гарэлкі. Пасля маці пайшла дахаты, а Наталля засталася з сынам. Яна распавядала ў судзе, што дзіця плакала і ніяк не супакойвалася. Яна брала яго на рукі, кідала на канапу, некалькі разоў ударыла далонню ў твар, кідала зноў, брала за руку і перакідвала з канапы на ложак...

"Мае паводзіны былі жахлівыя... Я сваё дзіця вельмі любіла", — гаварыла ў судзе маці Сашы.

Выступілі ў судзе як сведкі і супрацоўнікі хуткай дапамогі, якія прыехалі на месца здарэння па выкліку бацькі. Пры даглядзе яны выявілі гематомы на твары непрытомнага дзіцяці і прыкметы чэрапна-мазгавой траўмы. Маці тады не прызналася медыкам ў тым, што адбылося. Адметна, што калі было вырашана тэрмінова шпіталізаваць дзіця, з дактарамі ў лякарню паехаў бацька, а не маці.

У апошнім слове Наталля сказала: "Высокі суд, я раскайваюся ў зробленым. У мяне і думкі не было дапусціць такой страшнай трагедыі. Я не хацела прычыніць свайму дзіцяці смерць. Я разумею, што павінна быць пакаранай. Хоць я ўжо сама сябе пакарала, і гэта пакаранне застанецца да канца майго жыцця. Я прашу вас не караць мяне занадта сурова".

Дзяржаўны абвінаваўца, начальнік аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці па нагляду за законнасцю судовых пастановаў па крымінальных справах Алена Лешчанка пасля суду дала наступную характырыстыку асуджанай маці:

"Са словаў пацярпелага і сведкі, абвінавачаная любіла і выпіць, і "пагуляць". Меў месца факт, калі яна, знаходзячыся ў лякарні з дзіцём, пакінула яго, сышла, а вярнулася ў стане алкагольнага ап'янення.
Таксама быў факт, калі яна пакінула дзіця на родных, сышла і вярнулася позна ўвечары зноў у стане  алкагольнага ап'янення. То бок усё гэта сведчыць аб тым, што дзіцё перашкаджала ёй весці той лад жыцця, да якога яна звыклася".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі