У ЕС абмяркоўваюць стварэнне ўласнай разведкі
Даклад быў падрыхтаваны на фоне павелічэння разнастайных рызык / pap.pl
У ЕС абмяркоўваюць стварэнне ўласнай разведкі. Яна мусіць дапамагчы супрацьстаяць пагрозам з боку замежных краін і "рашуча рэагаваць" на шпіянаж, піша Bloomberg са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Па звестках агенцтва, экс-прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нііністэ, на даручэнне Еўракамісіі, падрыхтаваў даклад "па павышэнні ўстойлівасці еўрапейскай супольнасці да крызісаў". У ім ён і прапануе Еўрасаюзу стварыць "паўнавартасны разведвальны орган", які мог бы супрацьстаяць пагрозам з боку замежных краін і "рашуча рэагаваць" на шпіянаж на яго тэрыторыі. Пры гэтым новая спецслужба не павінна дубляваць функцыі падобных нацыянальных спецслужбаў.
У дакладзе адзначаецца, што на сённяшні дзень чыноўнікам Еўрапейскага Саюза даводзіцца аналізаваць агульнадаступныя крыніцы ці звяртацца да даных, атрыманых ад краін ЕС. А гэта абмяжоўвае магчымасць выяўляць патэнцыйныя пагрозы і адэкватна на іх рэагаваць. Прапануецца пашырыць паўнамоцтвы Разведвальнага і сітуацыйнага цэнтра ЕС. Гэты орган аб'ядноўвае спецслужбы краін Саюза. Якраз ён і можа ў будучыні заняцца зборам разведданых.
Як адзначае Bloomberg, згаданы даклад падрыхтаваны на фоне павелічэння разнастайных рызык. Гэта — дзеянні Уладзіміра Пуціна на ўсходзе ЕС, канфлікты на Блізкім Усходзе, рост уплыву Кітая і з'яўленне новых гібрыдных пагроз (сярод іх згадваюцца міграцыйныя крызісы, арганізаваныя РФ і РБ).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.