У Гомелі аднаногі інвалід збіў сабутэльніка мыліцай
Сумесная выпіўка двух гамельчукоў скончылася бойкай. Асаблівасцю гэтага здарэння стала тое, што завадатарам бойкі стаў аднаногі інвалід.
Як піша sb.by, у госці да гамельчука-інваліда, у якога няма левай нагі, прыйшоў сусед. Спярша прыяцелі, якім ужо за 60 гадоў, мірна выпівалі, а потым сталі сварыцца, і дайшло да бойкі.
Гаспадар кватэры пачаў біць сабутэльніка мыліцай, якая была пад рукой. Збіты госць у крыві і ранах уцёк з кватэры, а на вуліцы прысеў на лаўку і страціў прытомнасць. Мінакі выклікалі яму "хуткую". Пацярпелага з цяжкімі траўмамі, у тым ліку з пераломамі чэрапа, даставілі ў лякарню.
На завадатара бойкі пачалі крымінальную справу за наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Як адзначыла старэйшы следчы 2-га следчага аддзялення Гомельскага гарадскога аддзела Следчага камітэта Настасся Аляксеенка, абвінавачаны не прызнае сваю віну. Па яго словах, сусед прыйшоў да яго ўжо збітым. Праўда, рэчавыя доказы сведчаць пра адваротнае.
Справа расследаваная і перададзеная ў суд.