У Гомельскай вобласці за падзеж жывёлы будуць судзіць старшыню райвыканкама

На ферме, ілюстрацыйнае фота

На ферме, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Гомельскай вобласці будуць судзіць экс-старшыню Лельчыцкага райвыканкама Сяргея Касінскага і яго першага намесніка Мікалая Гаўрылаўца (яго таксама звольнілі). Пракуратура Гомельскай вобласці паведаміла, што накіравала крымінальную справу супраць гэтых чыноўнікаў у суд. Былых кіраўнікоў Лельчыцкага раёна абвінавачваюць у тым, што яны схавалі падзеж "не менш як 1 тысячы 900 галоў буйной рагатай жывёлы і прычынілі работнікам шкоду на 80 тысяч рублёў". Абвінавачанні выстаўленыя паводле артыкула "перавышэнне службовых паўнамоцтваў". Мужчынам пагражае ад трох да 10 гадоў калоніі.

Згодна з матэрыяламі справы, чыноўнікі давалі ўказанні работнікам сельгаспрадпрыемстваў скажаць звесткі справаздачнасці і хаваць факты падзяжу буйной рагатай жывёлы. Схаваць страты ўдавалася за кошт "складання ілжывых дакументаў на рэалізацыю працаўнікам прадпрыемства мяса загінулай жывёлы пад выглядам жывой у кошт заработнай платы", — расказалі ў пракуратуры. Такую схему ў раёне выкарыстоўвалі некалькі гадоў — са студзеня 2018 года да лістапада 2022-га.

Абодва былыя чыноўнікі, мяркуючы з паведамлення пракуратуры, знаходзяцца пад вартай. Хоць яшчэ год таму Сяргей Касінскі пасля звальнення з пасады кіраўніка райвыканкама быў прызначаны старшынём абласной арганізацыі прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Кіраўніком раёна тады зрабіўся Сяргей Дылюк.

Нагадаем, раней такую схему — выдаваць заробак дохлымі цялятамі — спрабавалі рэалізаваць у Калінкавіцкім раёне ўсё той жа Гомельскай вобласці. Тады гісторыя таксама скончылася крымінальнай справай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі