У Гродне за ўдзел у пратэстах асудзілі маці і дачку
![У Гродне за ўдзел у пратэстах асудзілі маці і дачку](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/16-08-2020_galina_ala_garackevichy-paslia-prysudu.jpg.webp?itok=pViiIc1J)
У Гродне за ўдзел у пратэстах асудзілі маці і дачку. Ала Гарацкевіч атрымала 2 гады і 6 месяцаў "хатняй хіміі" (абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), дачку Галіну Гарацкевіч асудзілі на 3 гады абмежавання волі, яе накіроўваюць у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Ганна Мароз асуджана на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, паведамляе spring96.org.
Справу разглядаў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. 16 жніўня прысуд агучыў суддзя Максім Галубовіч. Жанчын судзілі за ўдзел у вулічнай акцыі ў Гродне 6 верасня 2020 года. Іх прызналі вінаватымі ў "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак..." (ч. 1 арт. 342 КК) і "супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку" (ч. 2 арт. 363 КК, спачатку абвінавачвалі па арт. 364 — "Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў").
Галіна Гарацкевіч і Ганна Мароз падчас следства былі пад вартай. Пасля абвяшчэння прысуду меру стрымання змянілі. На абвяшчэнне прысуду падтрымаць іх прыйшлі каля 50 чалавек.
У Алы Гарацкевіч анкалогія.
![У Гродне за ўдзел у пратэстах асудзілі маці і дачку](/sites/default/files/paragraphs/image/16-08-2020marozpaslia-prysudy.jpg)
![У Гродне за ўдзел у пратэстах асудзілі маці і дачку](/sites/default/files/paragraphs/image/garackevichmarozza-kratami.jpg)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.