У Літве пабудуюць новае намётавае мястэчка для нелегальных мігрантаў
У Літве на бягучым тыдні пабудуюць новае намётавае мястэчка для нелегальных мігрантаў. Пра гэта заявіла міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ. Паводле яе слоў, цяпер выбіраюць месца. Яно называцца не будзе, як і колькасць месцаў у намётах (але вядома, што там можна будзе змясціць не менш за тысячу чалавек). "Нашы суседзі з несяброўскай краіны слухаюць і на падставе гэтага, магчыма, таксама выпрацоўваюць сваю стратэгію", — цытуе словы міністра Delfi.
За апошнія суткі літоўскія памежнікі затрымалі 134 мігранты, якія прыйшлі з Беларусі. Агулам з пачатку года з нашай краіны ў Літву нелегальна прайшлі 1232 чалавекі. Гэта пераважна жыхары Ірака, Камеруна, Турцыі, Сірыі. Літва плануе адправіць дэлегацыі ў Ірак і Турцыю, каб абмеркаваць пытанне пра вяртанне мігрантаў. Праблемай нелегальнай міграцыі ў Літве заклапочана кіраўніцтва ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.