У Літве ў войска будуць прызываць адразу пасля школы
Пасля атрымання позвы выпускнікі не змогуць паступіць у ВНУ
13 чэрвеня Сейм Літвы ўхваліў пакет законаў аб рэформе прызыву на вайсковую службу. Маладыя людзі павінны будуць праходзіць ваенную службу адразу пасля школы, а таксама медыцынскае абследаванне — з 17 гадоў, паведамляе Delfi.
Законапраект падтрымалі 85 дэпутатаў, 3 былі супраць, 14 устрымаліся. У законапраекце адмовіліся ад ідэі ўключэння ў прызыўны спіс цяперашніх студэнтаў і вырашылі прызываць моладзь адразу пасля заканчэння школы. Пасля атрымання позвы выпускнікі не змогуць паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы пакуль не пройдуць ваенную службу. У ВНУ змогуць паступіць маладыя людзі, якія не будуць прызваны з-за праблем са здароўем.
Будучыя 17-гадовыя падлеткі будуць праходзіць абследаванне ўжо ў 2025 годзе, а ў 2026-м, калі рэформа прызыву ўступіць у сілу, яны ўжо могуць быць уключаны ў спісы прызыўнікоў.
Пакет паправак да закона аб вайсковым абавязку таксама прадугледжвае прызыў на вайсковую службу маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 22 гадоў. Дагэтуль прызыўны ўзрост складаў 18-23 года. Яшчэ адно новаўвядзенне — дыферэнцыяцыя тэрміну службы. На абавязковую першапачатковую вайсковую службу юнакі будуць прызывацца тэрмінам на 9 месяцаў, але з улікам патрэбаў літоўскага войска тэрмін службы можа быць скарочаны да 6 месяцаў.
Тыя юнакі, якія скончылі ВНУ і набылі спецыяльнасці, дэфіцытныя ў арміі (або навучанне па якіх у войску не праводзіцца — авіяспецыялісты, інжынеры, лекары), будуць прызывацца на службу на 3 месяцы, на працягу якіх яны пройдуць неабходную базавую ваенную падрыхтоўку. Мэта — прыцягнуць у войска больш спецыялістаў, якія пасля службы ўвойдуць у дзеючы рэзерв.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.