У Лоеве 43-гадовы мужчына тры гадзіны сядзеў у чарзе ў паліклініцы і памёр

У Лоеве 43-гадовы мужчына тры гадзіны сядзеў у чарзе ў паліклініцы і памёр

Трагічнае здарэнне адбылося ў Лоеве 15 лютага. 43-гадовы мужчына, кіроўца аднаго з прадпрыемстваў, тры гадзіны чакаў у чарзе, каб трапіць на прыём да тэрапеўта, і памёр. Пра здарэнне ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" напісала яго маці, Галіна Плюшчай.

Па словах жанчыны, якія перадае БелаПАН, яе сын Васіль а 8-й гадзіне ўзяў у рэгістратуры талон №2 на прыём да тэрапеўта. Але да лекара ён трапіў не хутка, бо ў кабінет перыядычна вадзілі "экстраных" хворых. Тэрапеўт накіравала мужчыну на на ЭКГ, дзе яму паведамілі, што ў яго перадынфаркты стан. Пасля гэтага мужчыну зноў адправілі на прыём да тэрапеўта, дзе ён зноў апынуўся ў чарзе. Тэрапеўт, паглядзеўшы кардыяграму, паведаміла пацыенту, што ў яго не язва, а шырокі інфаркт. Пасля чаго ён войкнуў і памёр. "Чаму адразу яму не была аказана дапамога ў кабінеце ЭКГ? Чаму доктар не выклікала кардыёлага да сябе ў кабінет? Чаму медсёстры, якія праходзілі міма і не адзін раз звярталі ўвагу на яго стан па вонкавым выглядзе, не аказалі дапамогу? Валідол давалі пацыенты, якія сядзелі з ім у чаканні прыёму. Чаму? Чаму ?! Чаму?!!" — напісала маці памерлага.

Жанчына сумняецца ў высновах патолагаанатама, які паставіў дыягназ "атэрасклератычны кардыясклероз". Маці спасылаецца на тое, што ЭКГ, па словах тэрапеўта, паказала шырокі інфаркт, а таксама  кожны год сын праходзіў медагляд па прафпрызначэнні, бо 20 гадоў адпрацаваў кіроўцам. Па словах маці, такога дыягназу яму ніколі не ставілі, і яна не верыць, што гэтае захворванне можа з'явіцца так хутка.

У сацсетках з'явіліся каментары не толькі ад тых, хто падтрымлівае маці, але і ад людзей, блізкіх да медработнікаў Лоева. Яны заяўляюць, што дапамога прыбыла неадкладна, мужчыну падключылі да апарата адразу ў кабінеце і за яго жыццё змагаліся паўгадзіны. Яны ж пішуць, што следчыя, якія прыбылі на месца здарэння, парушэнняў у дзеяннях лекараў не выявілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі