У Мікашэвічах затрымоўвалі сябра ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч
Леаніда Дубаносава спрабавалі абвінаваціць, што ён збірае подпісы нецвярозым.
У Мікашэвічах 12 жніўня міліцыянты затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч.
Як інфармуе БелаПАН, актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леаніда Дубаносава затрымалі каля 19.50. Мужчына выходзіў з дома па вуліцы Першамайскай, дзе збіраў подпісы за вылучэнне Таццяны Караткевіч.
Да актывіста падышлі два міліцыянты і заявілі, што ім паступіў званок, быццам ён збірае подпісы па кватэрах у нецвярозым стане. Дубаносава даставілі ў міліцыю і апыталі, а потым адвезлі на медагляд. Медыкі засведчылі, што актывіст цвярозы, і каля 22-й яго адпусцілі.
Актывіст кажа, што звычайна ён збірае подпісы з шостай да дзявятай вечара. На думку Дубаносава, яго затрымалі таму, што жыхары Мікашэвічаў актыўна падпісваюцца за Караткевіч.