У мінскім метро пасяліўся кажан (фота)
Каля дзвярэй адміністрацыйнага корпуса Мінскага метрапалітэна супрацоўнікі знайшлі кажана. Работнік метро ўзяў яго, сфатаграфаваў і дапамог замацавацца на прываконні будынка, інфармуе БЕЛТА.
Старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі малекулярнай заалогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Валерый Дамброўскі вызначыў знойдзеную жывёлу як позняга альбо двухколернага кажана. Па яго словах, гэтыя віды даволі распаўсюджаныя ў нашай краіне. Яны любяць сяліцца там, дзе жыве чалавек, і карыстаюцца выгодамі гарадоў. Напрыклад, ловяць казурак каля ліхтароў уначы.
Мяркуецца, што знойдзены кажан шукаў месца, дзе заснуць, але сутыкнуўся з нейкімі праблемамі.