У Мінску на 12-гадовага хлопчыка ўпала футбольная брама, ён у рэанімацыі
Футбольная брама не была замацавана / sk.gov.by
У Мінску на 12-гадовага хлопчыка ўпала металічная футбольная брама, ён у рэанімацыі. Крымінальную справу распачалі "па факце службовай халатнасці".
Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, здарэнне адбылося 12 лістапада на спартыўнай пляцоўцы каля жылых дамоў па вуліцы Фогеля. Хлопчык там гуляў з сябрамі ў футбол. Па версіі следства, ён "заскочыў на браму і стаў разгойдвацца". Неўзабаве "пад цяжарам цела падлетка металічная футбольная брама ўпала на дзіця".
Высветлілася, што футбольная брама не была замацавана, што з'яўляецца парушэннем тэхнікі бяспекі. Стан хлопчыка ацэньваецца як цяжкі.
Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што ў яго цяжкая чэрапна-мазгавая траўма. Ён падключаны да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх. Напярэдадні была праведзена аперацыя, а ў панядзелак збіраліся на нараду вядучыя нейрахірургі краіны, якія вызначылі "тактыку далейшага лячэння".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.