У Мінску назвалі месцы, у якіх забаронены збор подпісаў

У Мінску вызначаныя месцы, у якіх забароненае пікетаванне з мэтай збору подпісаў выбарцаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Адпаведнае рашэнне прыняў Мінгарвыканкам, яно пачне дзейнічаць з 23 ліпеня, калі стартуе збор подпісаў. Рашэнне будзе дзейнічаць да 21 жніўня, інфармуе БЕЛТА.

Гарадскія ўлады забаранілі пікетаванне на аб'ектах метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, у падземных пешаходных пераходах. Таксама нельга будзе збіраць подпісы на Кастрычніцкай плошчы, на плошчах Незалежнасці, Перамогі, Дзяржаўнага сцяга, Прывакзальнай, Якуба Коласа. Нельга будзе праводзіць пікетаванне на адлегласці менш як 200 метраў ад будынкаў рэзідэнцый прэзідэнта, Дома ўрада. Збор подпісаў забаронены на адлегласці менш як 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў, судоў, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку нашай дзяржавы.

Удзельнікі пікетавання з мэтай збору подпісаў змогуць працаваць з 8-й да 22-й гадзіны. Забеспячэннем парадку ў сталіцы падчас гэтай акцыі зоймецца мінская міліцыя.


Фота: ria.ru, Мінск-навіны

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі