У Мінску пакаралі былога адваката за абразы ў электронным лісце
Суд Першамайскага раёна сталіцы аштрафаваў яго на 650 тысяч рублёў.
Як паведамляе "Ежедневник", былы адвакат адной з юрыдычных кансультацый Міхаіл Жардзецкі быў прызначны вінаватым у адміністрацыйным правапарушэнні ("наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме"). Суд папярэдзіў юрыста, што паўторнае на працягу года парушэнне дасць падставу прыцягнуць яго ўжо да крымінальнай адказнасці.
Высветлілася, што абразы ў электронных лістах Міхаіл Жардзецкі дасылаў свайму былому калегу і куратару Паўлу Сапелку (у 2011-м яго пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі, цяпер ён займаецца праваабарончай дзейнасцю). Аднойчы Сапелка "няўхвальна адгукнуўся аб ходзе стажыроўкі" Жардзецкага. І той вырашыў адпомсціць. Спачатку Сапелка не рэагаваў на лісты з абразамі, а пасля напісаў заяву ў міліцыю. Аказалася, што электронныя лісты дасылаліся юрыстам наўпрост з рабочага кампутара юрыдычнай кансультацыі.
У судзе Міхаіл Жардзецкі прызнаў сваю віну і папрасіў у былога калегі прабачэння.
Фота — ria.ru