У Мінску вызвалілі ўсіх затрыманых, акрамя Алены Талстой
Увечары 25 сакавіка ў Мінску з Цэнтральнага РУУС вызвалілі ўсіх затрыманых на Дзень Волі, акрамя сустаршыні "Руху салідарнасці "Разам" Алены Талстой. Грамадская актывістка прыкоўвала сябе ланцугом да асвятляльнага слупа на Кастрычніцкай плошчы. Як стала вядома, яна аб'явіла галадоўку. Жанчыну з Цэнтральнага РУУС павезлі ў ізалятар на Акрэсціна.
Вызвалена было больш за дзясятак чалавек. Гэта і вядомыя музыкі, і апазіцыйныя палітыкі, і звычайныя грамадзяне (некаторых з іх жорстка затрымлівалі)
"Нас абсалютна незаконна затрымалі, — кажа лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. — Пратрымалі на вуліцы больш за тры гадзіны. Склалі нейкія дзіўныя паперы пра тое, што была прафілактычная размова. Мы нічога не парушылі, нас незаконна затрымалі і яшчэ склалі пратакол пра нейкую прафілактычную размову...".
Па словах Казлова, міліцыянер перад вызваленнем забраў у яго некалькі дзясяткаў бел-чырвона-белых сцяжкоў.