У Нацыянальнага аэрапорта Мінск новы дырэктар
Нацыянальны аэрапорт Мінск / Еўрарадыё
Дзмітрый Мелікян, які ўзначальваў Нацыянальны аэрапорт Мінск амаль 15 гадоў, пакінуў пасаду гендырэктара. "Ён пакінуў пасаду па пагадненні бакоў", — расказала Еўрарадыё прэс-сакратар Нацыянальнага аэрапорта Раміна Саматханава.
Выканаўцам абавязкаў гендырэктара аэрапорта прызначаны Вячаслаў Харанека, які раней быў намеснікам гендырэктара па тэхнічным развіцці.
Дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі заявіў, што новы гендырэктар будзе прызначаны ў хуткім часе.
Дзмітрый Мелікян запомніўся на пасадзе гендырэктара рэканструкцыяй аэрапорта, будаўніцтвам другой узлётна-пасадачнай паласы і нелюбоўю да лаўкостаў. У 2017 годзе ён прызнаваўся, што лаўкост-кампаніі хацелі прыйсці на беларускі рынак. Але ўмовы мінскага аэрапорта іх не задаволілі:
"У іх танныя білеты, усё добра, але лаўкост-кампаніі зарабляюць на іншым: на багажы, на паслугах, якія аказваюць на борце самалёта за дадатковую плату, — расказваў у праграме "Тыдзень" на тэлеканале СТБ Дзмітрый Мелікян. — Яны просяцца, але мы ім прапануем тыя ж паслугі, якія аказваем іншым авіякампаніям. Але яны кажуць: "Ды не, давайце мы будзем зарабляць на багажы". Тады ўжо я кажу ім "не".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.