У новай кнізе Хілары Клінтан узнімаецца і тэма Беларусі
Святлана Ціханоўская і Хілары Клінтан
Вядомы палітык і грамадскі дзеяч, жонка былога прэзідэнта ЗША Біла Клінтана, дзяржсакратар ЗША і кандыдат у прэзідэнты ў 2016 годзе Хілары Клінтан напісала новую кнігу. Яна называецца "Нешта страчана, нешта атрымана". Аўтар разважае аб вайне ў Афганістане, барацьбе з расавай несправядлівасцю, прэзідэнце Расіі Уладзіміру Пуціне і некаторых іншых падзеях і з'явах. Закранае яна і тэму Беларусі. На гэта звярнула ўвагу "Радыё Свабода".
Клінтан узгадвае прэзідэнцкую кампанію 2020 года ў Беларусі, піша аб падтрымцы, якую атрымала ад людзей Святлана Ціханоўская, і аб фальсіфікацыі выбараў. "У выніку ён [Аляксандр Лукашэнка – рэд.] абвясціў сябе пераможцам, набраўшы 80% галасоў. Незалежныя назіральнікі сцвярджаюць, што сапраўднай пераможцай стала Святлана, але яе прымусілі сысці, а яе мужа асудзілі амаль на 20 гадоў пазбаўлення волі. Пратэстоўцы запоўнілі вуліцы, пазьней іх чакалі брутальны разгон і масавыя арышты”, – піша Хілары Клінтан. Яна расказвае пра арышт Сяргея Ціханоўскага, пра спантаннае рашэнне Святланы падаць дакументы ў ЦВК замест яго. На думку Клінтан, Ціханоўская "тады не думала, што гэта будзе больш, чым дэманстрацыя кахання да Сяргея". Аднак беларусы яе падтрымалі, расказвае аўтар. І зараз Ціханоўская працягвае барацьбу – спрабуе пераканаць лідэраў заходніх краін падтрымаць свабоду ў Беларусі.
"Святлана адмовілася сыходзіць у нябыт. Цяпер яна падарожнічае па свеце, заклікаючы лідэраў прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за яго злачынствы і падтрымаць свабоду ў Беларусі. Яна каардынуе дэмакратычны рух у краіне і робіць усё магчымае, каб прыцягнуць увагу да лёсу многіх палітвязняў, у тым ліку яе мужа", — піша аўтар
Нагадаем, Хілары Клінтан неаднаразова сустракалася са Святланай Ціханоўскай. Адна з такіх сустрэч прайшла напрыканцы верасня на палях Генасамблеі ААН. У гэтай сустрэчы таксама ўдзельнічала і Юлія Навальная. Яны казалі пра важнасць выкарыстання ўсіх дэмакратычных інструментаў для падтрымкі тых, хто змагаецца з дыктатурай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.