У нядзелю прагназуюць моцны вецер: абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі
У бліжэйшыя суткі, 19 лютага, у Беларусі чакаецца хмарнае з праясненнямі надвор’е. Уначы будзе пераважна без ападкаў, а ўдзень, у асноўным па паўночнай палове, будзе мокры снег і дождж, хоць моцных ападкаў сіноптыкі не абяцаюць. Уначы і раніцай таксама чакаюцца слабыя туман і галалёд, на асобных участках дарог — галалёдзіца.
Пры гэтым на нядзелю прагназуюць моцны вецер на поўначы краіны — да 15-18 метраў за секунду, з-за чаго абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Агулам па Беларусі вецер будзе паўднёва-заходні, умеркаваны, удзень — парывісты. Ветранае надвор’е захаваецца і ў панядзелак, 20 лютага, а таксама 21 лютага — уначы па поўначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі.
Тэмпература паветра ўначы складзе ад -3 да +2, удзень будзе да +5 градусаў, перадае БЕЛТА са спасылкай на Белгідрамет.