У першым квартале 2016-га "п'яных" ДТЗ у Беларусі стала менш на 50%
У першым квартале 2016-га "п'яных" дарожна-транспартных здарэнняў (з удзелам нецвярозых кіроўцаў) у Беларусі стала менш на 50% (было зафіксавана 51 такое ДТЗ, у іх загінулі 8 чалавек), у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года. Пра гэта БЕЛТА паведаміла старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Ганна Банадык. Паводле яе слоў, паступовага зніжэння такіх ДТЗ удаецца дасягнуць з дапамогай больш жорсткага пакарання для п'яных аўтамабілістаў: гэта і павелічэнне штрафу, і канфіскацыя аўтамабіляў за паўторнае кіраванне ў нецвярозым стане.
У студзені-сакавіку было зафіксавана 5539 выпадкаў кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення. 306 чалавек затрымалі паўторна. На 49% скарацілася колькасць траўмаваных у "п'яных" ДТЗ.
Дарэчы, за мінулыя выхадныя дні ДАІ затрымала ў нашай краіне 293 п'яных кіроўцаў.