У Пінскім раёне чатырохгадовая дзяўчынка звалілася ў раку і цудам выжыла
У Пінскім раёне чатырохгадовая дзяўчынка звалілася ў раку і цудам выжыла, перадае БЕЛТА.
Здарэнне адбылося ўдзень 26 сакавіка ў вёсцы Новы Дварэц. Група дзяцей гуляла ў хованкі каля ракі Мярчанкі. У нейкі момант дзеці заўважылі, што чатырохгадовай дзяўчынкі няма побач з імі. Яны сталі шукаць сяброўку, але ўбачылі на вадзе толькі яе шапачку. Пра гэта дзеці паведамілі бацькам дзіцяці.
Бацька, які прыбег на месца здарэння, пачаў ныраць у ваду і падняў дачку з дна ракі. Дзіця не мела прыкметаў жыцця. Мужчына стаў рабіць дачцэ штучнае дыханне. Ён здолеў выпампаваць ваду з лёгкіх і запусціць сэрца.
Медыкі з брыгады хуткай дапамогі, якія прыехалі на выклік, працягнулі выратаванне дзяўчынкі. Яе даставілі ў рэанімацыю дзіцячай гарадской лякарні.
На цяперашні час, па словах лекараў, жыццю дзіцяці нічога не пагражае. Дарэчы, наступствы клінічнай смерці не адбіліся на працы галаўнога мозгу. Дзяўчынка ўжо знаходзіцца ў прытомнасці і размаўляе. У панядзелак яе наведвалі бацькі.