У п'янага віцябляніна знайшлі два электрадэтанатары і цэлы арсенал
Дома ў мужчыны выявілі аўтамат, гранаты, трацілавыя шашкі.
Міліцыя Віцебшчыны занепакоеная тым, што актывізаваліся чорныя капачы. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на начальніка віцебскай абласной міліцыі Ігара Яўсеева.
Начальнік міліцыі распавёў пра некалькі выпадкаў канца 2014 года. Так, у Дуброўне пры несанкцыяваных раскопак падарваўся і загінуў жыхар Аршаншчыны. У Талачыне інжынер прыватнай фірмы вёў незаконныя раскопкі і назапасіў цэлы арсенал узбраення і выбухованебяспечных рэчываў. Пры ператрусе ў яго знайшлі буйныя запасы толу, пісталет, больш за 3500 патронаў, снарады рознага калібру, узрывальнікі ды іншае.
А ў снежні 2014 года нарад міліцыі затрымаў на лавачцы п'янага, у якога ў медвыцвярэзніку выявілі два электрадэтанатары. Ператрус у доме мужчыны паказаў цэлы арсенал: аўтамат ППШ, абрэз паляўнічай стрэльбы, самаробныя выбуховыя прылады, тры гранаты, трацілавыя шашкі, 775 патронаў рознага калібру, порах, а таксама часткі агнястрэльнай зброі і гранат, самаробны прыбор для вядзення бясшумнай стральбы.
Агулам у 2014 годзе на тэрыторыі вобласці канфіскавана 557 адзінак агнястрэльнай зброі, у тым ліку незарэгістраванага — 186.
Ілюстрацыйнае фота — rzhev.intheweb.org