У Расіі кажуць, што гатовыя да перамоваў па Украіне, але ёсць нюанс

Крэмль, Масква / Reuters
Крэмль, Масква / Reuters

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін гатовы да вядзення перамоў па тэме бяспекі і сітуацыі вакол Украіны. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў у інтэрв'ю тэлекампаніі CNN.

Пяскоў нагадаў, што Расія ў мінулым годзе заклікала да размовы аб гарантыях бяспекі для сябе. "Украіна — толькі частка больш вялікай праблемы гарантый бяспекі для Расіі, і, вядома, прэзідэнт Пуцін гатовы весці перамовы", — сказаў прадстаўнік Крамля.

Адзначым, што адным з патрабаванняў расійскага боку да заходніх партнёраў было непашырэнне NATO на Усход і адмова ад ідэі прымаць у Паўночнаатлантычны альянс былыя савецкія рэспублікі. У NATO і ЗША на гэтае патрабаванне Расіі адказалі адмовай, але пагадзіліся абмеркаваць размяшчэнне ўзбраення і інфраструктуры.

На гэтым фоне ў апошні час у заходняй прэсе сталі з'яўляцца заявы аб тым, што Расія рыхтуецца напасці на Украіну. Нават называецца дата —16 лютага. У Маскве кажуць, што гэтыя заявы беспадстаўныя і робяцца для нагнятання напружанасці.

Між тым прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў 16 лютага Днём яднання і выступіў са зваротам да ўкраінцаў. Паводле яго слоў, "дзяржава сёння моцная, як ніколі", імкнецца да міру і мае намер вырашаць "ўсе пытанні выключна шляхам перамоваў" — у тым ліку, вярнуць у Украіну Крым і Данбас.

"Нам кажуць, што 16 лютага стане днём нападу. Мы зробім яго Днём яднання. Адпаведны ўказ ужо падпісаны. У гэты дзень мы вывесім нацыянальныя сцягі, надзенем сіне-жоўтыя стужкі і пакажам усяму свету наша адзінства", — сказаў Зяленскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі