У Салігорску затрымалі ўдзельнікаў шпацыру па горадзе
У цэнтры Салігорска ўдзень 3 кастрычніка затрымана 8 чалавек. Гэта ўдзельнікі шпацыру па горадзе, на які сябры стачкама "Беларуськалія" запрасілі людзей з усёй Беларусі.
На ўездах у Салігорск з боку Мінска з раніцы 3 кастрычніка дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ і сілавікі ў бронекамізэльках. Яны выбарачна спыняюць легкавыя аўтамабілі і маршруткі. Нягледзячы на гэтыя перашкоды, па інфармацыі Еўрарадыё, на шпацыр у салігорскі Парк чатырох стыхій сабралася блізу 300 чалавек.
Яны збіраліся пазнаёміцца, разам паспяваць песні, зрабіць сэлфі і папіць гарбаты: "Нікога не баімся, усмешлівых супрацоўнікаў вітаем усмешкай, ад негатыўна настроеных проста адварочваемся. Грамадскі парадак не парушаем, правакатараў гонім у шыю!", — так гучала запрашэнне.
Але ледзь толькі пачалася экскурсія — прыехала міліцыя і пачаліся затрыманні. У ліку затрыманых апынуўся адзін з лідараў забастовачнага руху Юрый Корзун. Амаль месяц таму, 10 верасня ён пасля змены застаўся ў шахце на глыбіні ў 305 метраў, прыкаваўшы сябе да працоўнага абсталявання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.