У спёку кіроўцам тралейбусаў даюць ваду, але забараняюць здымаць форму

Увечары 5 жніўня на вуліцы Кальварыйскай у Мінску тралейбус маршруту №9 урэзаўся ў ліхтарны слуп. Сур'ёзна пацярпела 37-гадовая кіроўца, траўмы атрымалі некалькі пасажыраў. Мяркуецца, што з-за анамальна моцнай спякоты кіроўцу стала кепска. Таксама ў ДАІ не выключаюць, што ў тармазной сістэме тралейбуса маглі ўзнікнуць непаладкі.

Ці можа спёка стаць прычынай такога здарэння і пагражаць жыццю і здароўю пасажыраў і пешаходаў? І ў якіх умовах працуюць кіроўцы?

На канцавой станцыі "Гарадскі вал" у Мінску толькі некалькі кіроўцаў пагаджаюцца размаўляць. Цікава, што ўсе жанчыны за рулём адмаўляюцца праз “адміністрацыйную забарону на кантактаванне з журналістамі”, а мужчыны тлумачаць адмову неабходнасцю дагнаць графік руху.

“Вось нашы кандыцыянеры, — паказвае на адкрытыя вокны і дзверы кіроўца старога тралейбуса. — Усё што кіраўніцтва для нас робіць — даюць мінеральную ці звычайную ваду, па 1,5 літровай бутэльцы на змену. Хоць бы ўжо дазволілі на час гэтай анамальнай спёкі апрануць якую майку карацейшую, ужо лягчэй было б. А так, бачыце ― у форме нашай, у кашулі”.

Мужчына прызнаецца, што звычайна ездзіць на новым тралейбусе з кандыцыянерам, але акурат на гэты тыдзень яму “пашанцавала” працаваць чатыры дні запар па 9 гадзін і на старой мадэлі. Таму дамоў прыходзіць абсалютна разбіты, хапае сіл прыняць душ і дапаўзці да канапы. Але і наяўнасць кандыцыянера, прызнаецца кіроўца, даволі ўмоўнае аблягчэнне працы.

“Кандыцыянер — добра, але ён жа вельмі моцна шуміць, — тлумачыць кіроўца. — Таксама ўсю змену (10 гадзін) у гэтым шуме не вельмі проста. Але лепш ужо шум, чым у такой спёцы. Як кажуць, з двух ліхаў выбіраюць меншае".

“Чуеце, як працуе? — адказвае на пытанне пра наяўнасць кандыцыянера кіроўца мінскага тралейбуса 14-га маршрута і паказвае пальцам над галавой. — У новых тралейбусах ёсць, гэта, так бы мовіць, навінка. А так, на станцыях нам даюць ваду. Працоўныя графікі ў нас розныя: бывае 6 гадзін, бывае 8, бывае 4… Таму гэты фактар, мне падаецца, не ўплывае на стомленасць. Але, натуральна, што ў спёку ўсё рабіць складаней”.

Агулам, бачна, што кіроўцу новага тралейбуса ўсё задавальняе. Мужчына не мае ніякіх прэтэнзій да кіраўніцтва, але, як працуецца на старых машынах, не ведае.

На памяці кіроўцаў раней ніхто з калег прытомнасць не страчваў ды і пасажыры ў салонах таксама пакуль трымаюцца. Што ж тычыцца кіроўцы, якая ўрэзалася ў слуп, пакуль афіцыйныя прычыны не называюцца. Таму калегі дапускаюць верагоднасць абедзвюх афіцыйных версій.

“Ці спёка, ці электратормаз знік. Рэч у тым, што калі сходзіць штанга, а ў яе адчапілася штанга, то знікае электрычнасць. У такім выпадку спыніць машыну можна толькі паветрам, а гэта ўжо больш складана. Але як там было ― высветліць экспертыза”.

За час размоў з кіроўцамі тралейбусаў, Еўрарадыё замерала тэмпературу паветра. У кабіне старога тралейбуса градуснік паказвае тыя ж +34, што і на вуліцы. У кабіне з кандыцыянерам толькі на пару градусаў ніжэй, але пастаяннае абдзіманне крыху халаднейшым паветрам даволі моцна ратуе ад анамальнай спёкі.

Фота: tripsmile.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі