У сталічныя выбарчыя камісіі на 130 месцаў увайшлі толькі 3 апазіцыянеры
Каардынатар кампаніі назірання Дзяніс Садоўскі лічыць, што зменаў у правядзенні выбараў няма і “хутчэй за ўсё, рыхтуюцца фальсіфікацыі”.
Каардынатар кампаніі назірання “Права выбару” Дзяніс Садоўскі прысутнічаў на пасяджэнні, дзе абвяшчаўся склад агульнагарадской і тэрытарыяльных мінскіх выбарчых камісій. Ад дэмакратычных сілаў туды ўвайшлі толькі тры чалавекі. Усяго ж у сталічных камісіях 130 чалавек.
“Пасля аналізу складу камісій на папярэдніх выбарах і на будучых выводзіцца цікавая лічба: 65% ад усіх сябраў застаюцца тымі ж самымі. Толькі касметычна замяняюцца прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і грамадскіх арганізацый, якія выглядаюць падстаўнымі. Амаль ніякіх магчымасцяў рэальна трапіць у склад выбарчых камісій у большасці прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і ўвогуле грамадскасці няма”, — перакананы Садоўскі.
Назіральнік лічыць, што выбары прэзідэнта плануюцца па той жа самай схеме, як і ў 2010 годзе.
“На жаль, мы канстатуем факт, што ніякіх сур’ёзных зменаў няма. І хутчэй за ўсё, можна зараз казаць, што рыхтуюцца тыя ж самыя фальсіфікацыі, якія былі”, — мяркуе Садоўскі.
У Мінскі гарадскі выбаркам ад Партыі БНФ увайшоў Зміцер Каспяровіч, прадстаўнік БСДП(Г) трапіў у Заводскі выбаркам, а “Справядлівага свету” — у Савецкі.
Фота: bnp.by