Віцебскі ксёндз праехаў у калоне байкераў (фота, відэа)

Віцебскі ксёндз праехаў у калоне байкераў (фота, відэа)

14 мая Віцебская дыяцэзія Рымска-Каталіцкай царквы і ДАІ правялі сумесную прафілактычную акцыю для матацыклістаў. Акцыю "З Богам па дарогах" ініцыяваў пробашч кафедральнага касцёла ксёндз Андрэй Аніскевіч. Удзел у ёй прынялі некалькі дзясяткаў матацыклістаў, піша сайт katolik-gomel.by.

Мотакалона праехала ад гандлёвага цэнтра "Карона" практычна праз увесь Віцебск да кафедральнага касцёла Езуса Міласэрнага. Тут біскуп Алег Буткевіч сказаў для байкераў прывітальнае слова, блаславіў іх на пачатак сезону і акрапіў свянцонай вадой. Матацыклісты таксама пачулі выдатныя спевы ў суправаджэнні аргана — "Магутны Божа", "Авэ, Марыя", "Малітва" Булата Акуджавы. Пасля настаяцель асвяціў байкі і запрасіў матацыклістаў на гарбату.

Айцец Андрэй Аніскевіч сам з'яўляецца байкерам ўжо 23 гады. У калоне байкераў ён праехаў на сваёй "Хондзе". Ён рады, што першая спроба ўдалася, і плануе на завяршэнне мотасезона яшчэ больш масавае байкерскае мерапрыемства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі