У Зэльве хлопчык на малочна-таварнай ферме застаўся без нагі

У Зэльве хлопчык на малочна-таварнай ферме застаўся без нагі

Зэльвенскі райаддзел Следчага камітэта высвятляе, як дзевяцігадовы хлопчык атрымаў сур'ёзную траўму на малочна-таварнай ферме. 

Здарэнне адбылося 6 снежня 2017 года каля 18.30. На малочна-таварную ферму прыйшоў маленькі хлопчык са сваім бацькам, які працуе на гэтай жа ферме.  Застаўшыся ў памяшканні без кантролю з боку дарослых, хлопчык спатыкнуўся і паваліўся. Яго нага трапіла ў стужку транспарцёра, і яе заціснула паваротная зорачка.

Хлопчыка аператыўна завезлі спярша ў раённую лякарню, потым у абласную. Аднак у яго развіліся ўскладненні і ўзнікла пагроза жыццю. Таму лекары былі вымушаныя ампутаваць нагу. Цяпер дзіця выпісалі з лякарні. Яго цялесныя пашкоджанні медыкі аднеслі да катэгорыі цяжкіх.

Следчыя агледзелі месца здарэння, апыталі кіраўнікоў і работнікаў не толькі малочна-таварнай фермы, але і ўсяго сельскагаспадарчага філіяла. Яны вывучылі дакументацыю па пытаннях аховы працы і тэхнікі бяспекі, правялі іншыя працэсуальныя дзеянні.

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на 52-гадовую загадчыцу малочна-таварнай фермы. Яе вінавацяць у службовай халатнасці, якая прывяла па неасцярожнасці да цяжкіх наступстваў. Халатнасць выявілася ў допуску пабочных асобаў у памяшканне фермы, а таксама ў тым, што транспарцёр не быў абсталяваны ахоўным кажухом.

Дзеянні бацькі хлопчыка праваахоўнікі яшчэ не ацанілі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі