У журналістаў, якія здымалі перформанс Кузьміча ў Парыжы, прайшлі ператрусы

Аляксей Кузьміч / фэйсбук
Аляксей Кузьміч / фэйсбук

"Журналістаў у час допытаў спрабавалі прадставіць маімі саўдзельнікамі і зрабіць з нас злачынную групоўку. Спроба правалілася дзякуючы працы адвакатаў", — расказвае Еўрарадыё пра тое, што адбывалася пасля перформансу ля рэзідэнцыі Эмануэля Макрона, акцыяніст Аляксей Кузьміч.

1 красавіка ён спрабаваў пранікнуць у Елісейскі палац з бутэлькай, "якая нагадвае кактэйль Молатава", у якой было грудное малако. Акцыяніста затрымалі — як і дваіх журналістаў, якія здымалі тое, што адбывалася.

"На наступны дзень пасля акцыі паліцыя праз СМІ запусціла вутку, маўляў, гэта былі вар'яты (трое персон у змове, якія спрабавалі напасці на Макрона і ягоную жонку ў іх у палацы) і адзін з іх быў змешчаны ў псіхіятрычную лякарню. Хто менавіта — не ўдакладняецца, але дзе-нідзе нават фігуруе інфармацыя, што гэта быў я. Падабенства такога тэксту было апублікавана ва ўсіх вядучых медыя Францыі. Зроблена гэта для таго, каб дыскрэдытаваць палітычны пасыл маёй акцыі і ў вачах грамадскасці перавесці мяне са статусу мастака ў статус псіхічна нездаровага чалавека, які быў не ў сабе", — расказвае Кузьміч.

Паводле яго слоў, у кватэрах журналістаў, якія былі з ім у час акцыі, прайшлі ператрусы. За публікацыю відэа з акцыі ім пагражаюць турмой.

"Цяпер за імі ўсталяванае сачэнне, — працягвае акцыяніст. — Гэтыя журналісты з актывісцкага асяроддзя. Яны ўвесь час здымаюць кампраметуючыя матэрыялы пра паліцэйскае самавольства і ёсць косткай у горле ўлады".

У журналистов, которые снимали перформанс Кузьмича в Париже, прошли обыски

Аляксея Кузьміча выпусцілі з турмы 3 красавіка. Ён да гэтага часу спрабуе вярнуць запісы, а таксама атрымаць відэа з камер вонкавага назірання.

У Францыі ён знаходзіцца "ў статусе турыста".

"Паколькі справа не заведзеная, то дэпартаваць мяне не могуць. У той жа час я атрымаў папярэджанне, што на працягу пяці гадоў, калі зраблю падобную акцыю ў Францыі, гэту справу адновяць. Пакуль працягваю знаходзіцца ў Парыжы, далей буду глядзець па абставінах", — падсумоўвае акцыяніст.

Аляксей Кузьміч вядомы ў Беларусі сваімі скандальнымі перформансамі. У дзень прэзідэнцкіх выбараў ён прыйшоў на выбарчы ўчастак у мінскай школе №44. З кабінкі для галасавання хлопец выйшаў у адной набедранай павязцы, а на грудзях у яго быў прымацаваны бюлетэнь з намаляваным фаласам. Пасля гэтага ён стаў пасярод участка ў позе крыжа. Вечарам мастак выйшаў у набедранай павязцы да сілавікоў са шчытамі і агнястрэльнай зброяй у руках. Пасля выбараў Аляксея затрымалі. Ад пераследу ён выехаў за мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі