Уцюрын страціў пасаду ў Саўбезе праз дыскрэдытацыю звання вайскоўца
Самае вядомае фота Андрэя Уцюрына / vsr.mil.by
Палкоўнік Андрэй Уцюрын вызвалены ад пасады намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь "за правіны, што дыскрэдытуюць званне ваеннаслужачага". Указ пра гэта Аляксандр Лукашэнка падпісаў яшчэ 24 красавіка. І толькі 1 траўня, пасля таго, як стала вядома пра затрыманне Уцюрына, дакумент быў апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
Андрэй Уцюрын сем гадоў узначальваў Службу бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. У 2014 годзе ён пайшоў на павышэнне — перайшоў працаваць у Савет бяспекі. Згодна з 27-м абзацам артыкула 84 Канстытуцыі Беларусі, Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь фармуе і ўзначальвае дзеючы прэзідэнт краіны. Менавіта на гэтай падставе Лукашэнка вызваліў Уцюрына ад пасады.
Тыдзень таму ў ананімных тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя, што КДБ затрымаў сілавіка са складу Савета бяспекі. Толькі 29 красавіка "Наша Ніва" атрымала пацверджанне, што гаворка ішла пра Андрэя Уцюрына. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён затрыманы за буйны хабар — $150 тысяч. СМІ звязваюць з затрыманнем Уцюрына яшчэ адну гучную аперацыю беларускіх сілавікоў — затрыманне гендырэктара "Белтэлекама" Сяргея Сівадзедава.