Украіна акажа гуманітарную дапамогу Літве калючым дротам

Украіна акажа гуманітарную дапамогу Літве калючым дротам

Украіна накіруе Літве калючы дрот для ўмацавання мяжы з Беларуссю. Праект адпаведнага ўказа прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ўхвалілі на паседжанні ўкраінскага ўрада. Пра гэта ў Facebook напісаў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба. Ён падкрэслівае, што гэта "гуманітарная дапамога". Кулеба піша, што не можа прыгадаць выпадку, калі "гуманітарная дапамога аказвалася ў выглядзе... калючага дроту". "Але рэальнасць патрабуе менавіта такой сяброўскай дапамогі", — дадае міністр.

За мінулыя суткі літоўскія памежнікі затрымалі 171 нелегальнага мігранта з Беларусі. Гэта рэкордная лічба. Літоўскія палітыкі вінавацяць афіцыйны Мінск у гібрыднай агрэсіі.

"Літва цяпер сутыкнулася з беспрэцэдэнтным міграцыйным крызісам, — піша Дзмітрый Кулеба. — Аляксандр Лукашэнка вырашыў "адпомсціць" Літве за жорсткую пазіцыю [па санкцыях]... правакуючы патокі бежанцаў з краін Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу".

Улады Літвы намагаюцца ўмацаваць мяжу з Беларуссю. Спачатку памежнікі выкарыстоўвалі калючы дрот з рэзерваў Мінабароны Літвы, але ён хутка скончыўся. Калючым дротам дапамагла Эстонія — для абсталявання 100 км мяжы. Колькі калючага дроту паставяць украінцы, пакуль невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі