Украіна захоча такога міру? Спыталі ва ўкраінца, добраахвотніка і палітыка

Трамп патэлефанаваў Пуціну. Што цяпер? / @rubanau_collage
Пасля дзясяткаў месяцаў ізаляцыі, у якой жыў Уладзімір Пуцін, у яго зазваніў тэлефон. На тым канцы дроту быў амерыканскі прэзідэнт. За гэтым рушылі навіны пра тое, што абодва прэзідэнты дамовіліся, што час заключаць мір ва Украіне.
Здаецца, нагода выдыхнуць: хутка канец вайне. Але за гэтай навіной пачаліся твіты занепакоенасці: ці не атрымае Украіна замест міру — ганебную “дамову”? Ці не пойдзе Пуцін, падкапіўшы сілы ў паўзе, вайной на Еўропу?
Ці патрэбны Украіне такі мір, мы запыталі жыхара Сумшчыны, які ўжо некалькі год жыве бліжэй да фронту, чым кожны з нас. А пра тое, чым скончыцца такі мір для нашай краіны і ўсёй Еўропы, распавялі беларускі палітык і палітолаг.
Жыхар Сумшчыны: "Спадзяюся, Трамп прыме бок дабра, ён жа акцёр і сцэнарны твіст да гэтага штурхае"
Юрый Быстрык жыве ў Сумах — гэта за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Расіі. Паўгода таму ён расказваў нам, як гэта жыць так блізка ад фронту — калі святло гарыць час ад часу, затое трывога і абстрэлы — рэгулярныя. У такіх умовах перамір'е павінна было б здавацца збавеннем. Ці Так гэта?
— Трамп — адыёзны, валявы і вельмі эгацэнтрычны чалавек. Калі ён задаўся мэтай, ён будзе яе праціскаць, і, вядома ж, ісці па шляху найменшага супраціву. Гэта значыць, у першую чаргу пераступаючы праз інтарэсы Украіны. "Нічога асабістага, проста бізнес". Ён прывык так дзейнічаць: простыя рашучыя рухі, з усімі можна дамовіцца, пытанне толькі ў цане, балансе саступак і пагроз.
Так што частка грамадства хоча верыць у перамір'е, хоча гэтага глытка паветра. Не важна, што будзе паслязаўтра — але заўтра яны хочуць прачнуцца не пад крыкі і ўзрывы дамоў.
А частка скептычна настроеная і не бачыць спосабаў спыніць вайну размовамі. Тое, што цяпер адбываецца — гэта апафеоз усяго жыцця Пуціна. Што ён будзе рабіць далей? Выкараняць практыку драўляных сарціраў, газіфікаваць расійскую глыбінку, вырашаць межэтнічныя праблемы ў Маскве, наладжваць вытворчасць расійскіх смартфонаў? Вось што? Гэты вырадак зла можа толькі ваяваць ці рыхтуецца да вайны, усё астатняе яму не трэба і проста нецікава. Прамяняць стрэлачкі на карце свету на нейкія бездапаможныя эканамічныя пытанні? Ага, чакайце.
Трамп можа планаваць усё, што заўгодна, але вайна заўсёды бярэ стырно ў свае рукі. І я шчыра спадзяюся, што з часам ён прыме бок дабра — ён жа акцёр, і сцэнарны твіст да гэтага штурхае.
Як сказаў Чэрчыль, "амерыканцы заўсёды знаходзяць адзіна правільнае рашэнне — пасля таго, як па чарзе паспрабуюць усе астатнія".
А нам застаецца толькі трымацца, сотні гадоў мы трымаемся супраць навалы з Усходу, і будзем трымацца далей.
Джын, добраахвотнік: "Мір прыйдзе таксама, як пачалася вайна — раптоўна і без прычыны"
Джын — беларускі добраахвотнік, ён ваяваў на ўсходзе Украіны. У мінулым траўні Джын вярнуўся з вайны. Мы падрабязна расказвалі яго гісторыю тут.
Ці верыць ён, што аднаго жадання Трампа хопіць, каб скончыць вайну?
— Нас ужо столькі разоў кармілі гэтым мірам… "Контрнаступ — хутка пераможам!" Не атрымалася. "Хутка вайна скончыцца!" Таксама не. Гэта вельмі дзіўная вайна, для якой не было прычыны. І я думаю, што мір прыйдзе таксама — раптоўна і без прычыны.
Хутчэй за ўсё, Пуцін проста хоча расцягнуць час. Хоча даціснуць хоць бы Данецкую і Луганскую вобласць. Колькі яшчэ ён будзе яе яшчэ даціскаць? Ну, халера ведае, залежыць ад Расіі і ад Украіны.
Мы часта размаўлялі пра тое, ці зможа Беларусь прысутнічаць на гэтых перамовах. Я думаю, адказ на гэтае пытанне ўжо дадзены, і вельмі выразны. Мне раней здавалася, што верагоднасць таго, што беларускія дэмсілы падчас гэтых перамоваў змогуць адстаяць свае інтарэсы, была невысокай. Цяпер яна імкнецца да нуля.
Асноўная ідэя Пуціна — разбурэнне еўраатлантычнай супольнасці, якая стварала немагчымасці для яго ў рэалізацыі сваіх амбіцый у Еўропе. На гэтым фоне Беларусь знаходзіцца ў даволі складаным становішчы. І, я б сказаў, небяспечным. Бо мы не ведаем, чаго яшчэ Расія хацела б дамагчыся на гэтых перамовах.
І яшчэ застаецца пытанне — а ці пагодзяцца ўкраінцы на такое? Бо, з пункту гледжання Украіны, гэта можа быць не проста ганебны мір, несправядлівы мір — ён проста не адпавядае нацыянальнаму характару ўкраінцаў. І таму я б не выключаў, што яны могуць проста ад яго адмовіцца.
Бо яны не знаходзяцца пад такім эмацыйным уплывам Пуціна, пад якім знаходзіцца Трамп. Яны бачаць сітуацыю ясна і разумеюць, што адбываецца і якім павінны быць мір для іх краіны. Таму цалкам магчыма, што ўкраінцы скажуць Трампу: дзякуй, але такія дамоўленасці нам непатрэбныя.
Роза Турарбекава: “Пуцін будзе гандлявацца за спыненне агню”
У многіх еўрапейцаў званок Трампа Пуціну выклікаў дэжавю, і новы віток падзеяў вакол Украіны пачалі параўноўваць з “Мюнхенскай змовай”. У 1938 годзе дамовіліся, што Чэхаславакія саступіць Гітлеру Судзецкую вобласць. Але заспакоіць кіраўніка Германіі не ўдалося, і хутка распачалася сусветная вайна.
Ці варта адганяць ад сябе цяжкія думкі і песімістычныя паралелі? Спыталі ў гісторыка і паліталагіні Розы Турарбекавай.
Рэдактарка Еўрарадыё Марыя Калеснікава задала Турарбекавай прамое пытанне: Украіну злілі? Турарбекава адказала: у нейкім сэнсе — так.
— А як гэта яшчэ ацэньваць? Прадстаўленне дапамогі абумоўліваецца канцэсіямі на рэдказямельныя металы. А як ацэньваць прымус весці перамовы з чалавекам, на якога Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар? Гэта сумная і павучальная гісторыя.
Тое, што ўжо вядома месца сустрэчы Трампа і Пуціна, кажа пра тое, што праца па падрыхтоўцы перамоваў ідзе сямімільнымі крокамі. Думаю, што першым пытаннем у парадку дня будзе спыненне агню. І думаю таксама, што з боку Расіі спыненне агню будзе прадметам торгу. За гэта яна будзе выгандлёўваць саступкі.
І гэта можна прадказаць, паглядзеўшы на Мінскія пагадненні, якія былі складзеныя жудасна. Але Парашэнка быў настолькі спужаны, а Меркель і Аланд так моцна ціснулі, што яму прыйшлося іх падпісаць. Яны былі асуджаныя на правал.
І я думаю, што пытанне пра перавыбары прэзідэнта Украіны будуць таксама ўключаныя ў павестку. І думаю, што на ўключэнні гэтага пытання ў павестку — гэта жаданне Пуціна.
Для Трампа праблема ўсталявання міру ва Украіне з’яўляецца прамежкавым звяном. Канчатковая яго мэта — абмежаванне моцы Кітая. І Расія ў гэтым сэнсе для яго — тактычны крок.
Што ж пра песімізм еўрапейцаў? Я шмат у чым падзяляю яго. Прапановы, з якімі Трамп выходзіць на перамовы, іначай як здрадніцкімі ў адносінах NATO назваць нельга.
Але дзеля справядлівасці я б хацела сказаць, што доўгі час ЗША цягнулі на сабе ваенны складнік NATO. Фактычна закрывалі сабою ваенныя расходы альянса. Ішла дыскусія пра неабходнасць чатырохпрацэнтнага ад аб’ёма ВВП унёска на абарону для краінаў ЕС. Штаты гэта раздражняла.
Дагэтуль ніхто не ставіў пытанне рабром, а Трамп гэта зрабіў.
Ці гатова Еўропа ў NATO замяніць ЗША? У краінаў ЕС ёсць план павелічэння абаронных расходаў, але ім трэба рухацца хутчэй. Справа еўрапейскай бяспекі — справа рук еўрапейцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.