Украінку не пусцілі да жаніха ў Беларусь — за фота яе айчыма ў вайсковай форме
Беларуская мяжа / delfi.lt, ілюстрацыйны здымак
Беларускія памежнікі адмовілі ва ўездзе грамадзянцы Украіны, піша "Медыязона".
Украінка Алена ехала ў Беларусь да жаніха, каб выйсці замуж і застацца тут. Падарожнічала яна праз Польшчу. На польска-беларускай мяжы супрацоўнікі КДБ узялі ў дзяўчыны тэлефон на праверку. Там яны знайшлі фатаграфію яе айчыма з мамай. Айчым Алены на фота быў ва ўкраінскай вайсковай форме. Пасля гэтага дзяўчыне паставілі ў пашпарце штамп з забаронай на ўезд у Беларусь і развярнулі назад.
Па словах блізкіх, памежнікі папярэдзілі ўкраінку, што ў Беларусь яна не зможа больш уехаць ні праз адзін пункт пропуску. Жаніх Алены прыбыў у той жа пункт пропуску, каб аспрэчыць рашэнне памежнікаў, але яму паведамілі, што гэта не дасць плёну.
Пад выглядам сваякоў дзяўчыны журналісты "Медыязоны" датэлефанаваліся на "гарачую лінію" Памежнага камітэта. Там заявілі, што адмовіць ва ўездзе могуць без тлумачэння прычын.
"Вы можаце напісаць зварот на імя старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта. Я думаю, наўрад ці гэта дапаможа. Калі зачынілі ўезд, то, як правіла, ужо чалавек не заедзе ніколі", — дадалі на "гарачай лініі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.