Украінскія бізнесмены рыхтуюцца ісці ў партызаны

Даведка Еўрарадыё: Генадзь Друзенка — партнёр юрыдычнай кампаніі Constructive Lawers, адзін з ініцыятараў стварэння Украінскай рэзервовай арміі (УРА).

Еўрарадыё: Як паўстала ідэя стварыць Украінскую рэзервовую армію?

Генадзь Друзенка: Пасля Майдана выснова была простая — зноў трэба разлічваць толькі на сябе. І 1 сакавіка мы кінулі кліч, што гатовыя браць ініцыятыву і гуртаваць людзей, і тыя, хто быў гатовы і хацеў бараніць дзяржаву, яе цэласнасць і незалежнасць, прыйшлі. І дзесьці ўжо ў сярэдзіне сакавіка мы пачалі першыя трэніроўкі, праз якія прайшло пакуль што 300 чалавек.

Валанцёры з’яўляюцца класічнымі рэзервістамі, якія могуць стаць апалчэнцамі, якія бароняць сваю краіну, свой горад, сваю вёску, сваю вуліцу, але пры гэтым не з’яўляюцца прафесійнымі вайскоўцамі.

У гэтым мы радыкальна адрозніваемся ад Нацыянальнай гвардыі ці Узброеных сіл, бо ніхто з нашых рэзервістаў не бачыць сябе ў прафесійнай вайсковай службе. Для нас людзі, збольшага паспяховыя ў мірным жыцці, — гэта дадатковы клопат, які вымагае часу, грошай, энергіі. Але з іншага боку, мы разумеем, што ў сітуацыі, калі дзяржава настолькі слабая і неэфектыўная, гэта ці не адзіная магчымасць зберагчы тое, што для нас вялікая каштоўнасць, — незалежнасць Украіны.

Калі мы сталі перад выбарам, маючы магчымасць шукаць шляхі эміграцыі, бо збольшага гэта людзі нябедныя, з добрай адукацыяй, з веданнем замежных моў, прынялі для сябе свядомае рашэнне: застацца ва Украіне, пакуль гэта магчыма.

Еўрарадыё: Колькі часу займае такая падрыхтоўка рэзервістаў?

Генадзь Друзенка: Большасць з нашых рэзервістаў — людзі, занятыя працай, бізнесам, таму падрыхтоўка праходзіць на выхадных. Метадам спробаў і памылак мы распрацавалі, умоўна кажучы, курс маладога байца, калі людзі навучаюцца асновам агнявой падрыхтоўкі, праводзім тактычныя гульні, вучым аказваць першую медыцынскую дапамогу, выкладаем тэорыю сучаснай вайны. Мяркуючы з водгукаў, нашы курсы занялі правільную нішу і карыстаюцца папулярнасцю.

Еўрарадыё: Ці ўдзельнічалі вашы валанцёры ў антытэрарыстычнай аперацыі?

Генадзь Друзенка: Мы не пастаўшчыкі гарматнага мяса. Мы лічым, што з прафесіяналамі мусяць ваяваць прафесіяналы. Тыя людзі, якія ў тым ліку і за мае падаткі дваццаць гадоў служылі ў войску, зараблялі сабе зоркі і лампасы: СБУ, МУС. У нас у краіне больш за 300 тысяч міліцыянераў, якія таксама жылі за мае падаткі і за тое, што забіралі ў маіх сяброў-бізнесменаў. Я думаю, гэта іх адказнасць, таму што наш кароткі курс не дае магчымасці чалавеку на чужой тэрыторыі, без сувязі з мясцовым насельніцтвам эфектыўна ваяваць.

А чалавечых трагедыяў і ахвяраў і без нас хапае. Па сутнасці, нашы валанцёры — гэта патэнцыйныя партызаны, бо ў класічным разуменні вайны, калі ёсць лінія фронту і перакідваюцца дывізіі, праўдападобна, не будзе. Будзе і ёсць тое, што цяпер называецца гібрыднай вайной: калі з’яўляюцца дыверсійныя групы, пачынаюць абрастаць мясцовым крыміналітэтам.

Наша задача — барацьба з такімі дыверсіямі, парамілітарнымі фармаваннямі. Бо там, дзе мясцовае насельніцтва лаяльнае да Украіны і гатовае бараніць спакой, мір і стабільнасць у сваім рэгіёне, расійскія дыверсанты не могуць нічога зрабіць. Калі на Данеччыне цяпер пачынаюцца новыя Балканы, то ў суседняй Днепрапятроўскай вобласці ўсё спакойна.

Еўрарадыё: Колькі такіх ініцыятыў паўстала ва Украіне?

Генадзь Друзэнка: Ініцыятыў даволі шмат, іх сотні, збольшага яны сёння не скаардынаваныя, бо, на жаль, гэту функцыю на сябе мусіла ўзяць дзяржава, знайшоўшы форму ўзаемадзеяння з людзьмі, якія не хочуць быць прафесійнымі вайскоўцамі, але гатовыя рыхтавацца да найгоршага сцэнарыя.

На жаль, мае асабістыя размовы і размовы маіх сяброў у Міністэрстве абароны, у Адміністрацыі прэзідэнта, СБУ і МУС паказваюць на тое, што ўсе кіраўнікі ведамстваў думаюць савецкімі катэгорыямі: адзіны манапаліст на вайсковыя і парамілітарныя фармаванні — гэта дзяржава. Таму груп, якія за свой кошт праводзяць курсы вайсковай падрыхтоўкі, самі сябе трэніруюць і рыхтуюць да магчымай вайны, шмат, але дакладных лічбаў ніхто не скажа, бо не праводзіўся іх пералік. Але гэта, можа, і лепей, бо будзе складаней знішчыць.

Еўрарадыё: Ці не перашкаджае дзяржава праводзіць такія трэніроўкі? Гэта дзейнасць у юрыдычным полі?

Генадзь Друзенка: Мы адразу вызначыліся з фарматам: мы не ствараем цэнтралізаванае войска ці партызанскі атрад, мы ладзім трэнінг, які не парушае нашага заканадаўства. Я і мае калегі законна маем зброю. Яна не можа быць аўтаматычнай, страляць чэргамі, яна ідзе па разрадзе паляўнічай зброі. Хаця пад паляўнічую зброю ва Украіне трапляюць нават снайперскія вінтоўкі.

Мы выкарыстоўваем абсталяваны палігон і цір, які належыць Таварыству спрыяння абароне Украіны. Як юрыст, я не бачу юрыдычных праблем. Ніхто не забараняе ўласнікам зброі і іх знаёмым удасканальвацца ў мастацтве стральбы ці трэніравацца ў рукапашным баі, ці вучыцца аказваць першую медыцынскую дапамогу.

Ва ўкраінскім крымінальным кодэксе ёсць артыкулы за стварэнне незаконных узброеных фармаванняў, але мы пад гэтыя артыкулы не падпадаем, бо ў нас няма галоўнакамандуючага.

Еўрарадыё: Калі закрануць фінансавы бок такіх мерапрыемстваў, такія падрыхтоўкі на палігоне, мабыць, таксама нятаннае задавальненне?

Генадзь Друзенка: Калі не красці і калі гэтым займаюцца людзі, якія ўкладваюць свае грошы і ўмеюць іх лічыць, то цэны невысокія. На сёння падрыхтоўка аднаго валанцёра абыходзіцца ў сярэднім у 400 грыўняў, гэта 30 долараў. Прычым 80% выдаткаў ідзе на набой, цана якога за апошні час павышалася двойчы. Астатнія грошы ідуць на ежу, даязджаюць людзі звычайна на сваіх машынах. Мы самі запрашаем інструктараў.

Спачатку спрабавалі наладзіць супрацоўніцтва з вайскоўцамі, але сэнсу мала, бо класічныя вайскоўцы ведаюць вайну з падручнікаў пра Другую сусветную, ведаюць, куды трэба дывізію танкаў і куды эскадрыллю самалётаў. Мы сталі прасіць выкладаць людзей, якія маюць досвед у сучасных ваенных дзеяннях: Ірак, Афганістан, Афрыка, ці служылі ў французскім легіёне.

Еўрарадыё: Ці будзеце вы ініцыяваць законапраект, каб мірнае насельніцтва Украіны мела права валодаць зброяй?

Генадзь Друзенка: Мы ўжо напісалі такі законапраект, але шанцы на яго прыняцце амаль нулявыя. Бо мы па розныя светапоглядныя бакі барыкадаў з большасцю ў парламенце.

Еўрарадыё: Калі будзе аптымістычны варыянт вырашэння крызіснай сітуацыі, што будзе далей з атрыманымі ведамі рэзервістаў?

Генадзь Друзенка: Па-першае, сітуацыя не вырашыцца, бо мы мелі 20 гадоў бяздарнай палітыкі. Замест таго, каб змагацца з крыміналам, уводзіць прынцыпы справядлівасці ў тым самым Данецку. Цяпер гэта выліваецца ў пэўнай ступені справядлівы пратэст мясцовага насельніцтва, якое беспадстаўна верыць, што дастаткова аддзяліцца ад Украіны, і іх жыццё зменіцца да лепшага. Па-другое, крымінал атрымаў вялікі запас зброі. Мяркуючы з досведзе Абхазіі ці Прыднястроўя, думаю, што нестабільнасць ва ўсходнім рэгіёне зацягнецца на гады.

Што да нашай перспектывы, што мы пачыналі як адказ на пуцінскую агрэсію. Але наяўнасць у краіне самадастатковага эканамічна насельніцтва са зброяй, гатовага абараняць сваю краіну як ад знешняй агрэсіі, так і ад унутранай узурпацыі, стала б найлепшым гарантам дэмакратыі, законаў і Канстытуцыі, якіх тут не прызвычаіліся выконваць.

Умоўна кажучы, мы арыентуемся на раннеамерыканскую мадэль, паводле якой кожны грамадзянін мае права на зброю і мае права бараніць свае асноўныя правы і свабоды без пасярэдніцтва і ўмяшання дзяржавы. І бараніцца таксама ад дзяржавы, калі яна пераходзіць мяжу: Мы бачылі гэта не так даўно на Майдане.

Еўрарадыё: Вы некалькі месяцаў праводзіце вайсковыя курсы для мірнага насельніцтва. Мабыць, і вы, і вашы аднадумцы задаваліся пытаннямі, чаму і навошта гэта робіце вы, а не дзяржава. Чаму ўкраінская армія цяпер небаяздольная?

Генадзь Друзенка: Галоўнай функцыяй Міністэрства абароны ў апошнія гады быў продаж лішняй маёмасці, што засталася ад савецкай арміі: зброя, будынкі, землі, невайсковая тэхніка. Па сутнасці, гэта была вялікая савецкая спадчына: да прыкладу, перадапошні міністр абароны, апошні міністр за Януковічам, дапамагаў асвойваць землі ў Крыме сям’і Януковіча.

Міліцыя апошнім часам займалася рэкетам у сектары бізнесу, таму не дзіва, што сітуацыя з абаронай у такім стане. Сістэма, пабудаваная на асабістай лаяльнасці і карупцыі, калі сутыкаецца з сур’ёзным выклікам, заўсёды прайграе.

У вайсковай сферы найлепшыя аддзелы — не “Альфа” ці дэсант, а тыя ж добраахвотнікі, якія ішлі пад кулі і на Майдане. Яны горш вышкаленыя, але лепш ваююць, гэта батальёны “Днепр”, “Азоў”, некалькі батальёнаў Нацыянальнай гвардыі. Гэта людзі, якія ваююць за сваю краіну. Я веру, што з іх народзіцца баяздольная, эфектыўная ўкраінская армія, здольная рабіць тое, для чаго арміі ўвогуле ствараюць. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі