Улады Беларусі агучылі контрсанкцыі: супраць тавараў, асобаў і авіяперавозчыкаў
Улады Беларусі нарэшце агучылі контрсанкцыі. 6 снежня на сайце МЗС нашай краіны з'явілася заява "аб мерах Рэспублікі Беларусь у адказ на незаконны знешні санкцыйны ціск".
Вось чым улады Беларусі адкажуць на ўзмацненне санкцый з боку заходніх краін:
- імпартазамяшчэнне: будзе ўведзеная забарона на ўвоз тавараў з краінаў, якія падтрымліваюць санкцыі. Іх заменяць айчыннымі таварамі;
- абмежаванні для авіякампаній з краін ЕС і Вялікабрытаніі, якія падтрымліваюць санкцыі;
- пашырэнне спісу неўязных у Беларусь і Расію;
- "працяг рэалізацыю Саюзных праграм і ўзмацненне эканамічнай інтэграцыі з Расіяй";
- шэраг "іншых крокаў непублічнага характару".
Анансуецца прыняццё адпаведнай урадавай пастановы.
У канцы прэс-рэліза МЗС РБ ізноў намякае "калектыўнаму Захаду" на дыялог.
2 снежня новыя санкцыі супраць Беларусі ўвялі Еўрасаюз, ЗША і Вялікабрытанія. У пакет санкцый ЕС уключаныя 10 юрыдычных асоб і 17 фізічных, у пакет санкцый ЗША — 9 фізічных асоб, 12 арганізацый і 3 паветраныя судны, Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць "Беларуськалія" і 8 грамадзян Беларусі. Гэта быў адказ на міграцыйны крызіс на межах ЕС, у арганізацыі якога абвінавачваюць улады Беларусі.
Тады прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка паабяцаў пакет эканамічных санкцый супраць Захаду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.