Улады Гомеля абяцаюць дапамогу сям'і кіроўцы, у якога здарыўся інсульт у РФ
Хуткая дапамога
Гомельское абласное ўпраўленне аховы здароўя абяцае дапамагчы з транспартаваннем і лячэннем беларускага дальнабойніка Яўгена Пагарцава, піша "Гомельская праўда". У мужчыны ў рэйсе здарыўся інсульт, і яго шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне клінікі ў Екацярынбургу.
62-гадоваму жыхары Гомельшчыны пасля інсульту зрабілі аперацыю. Пра здарэнне паведамілі яго дачцэ Яўгеніі. Жанчына з мужам адправілася на Урал. На месцы ім расказалі, што стан Пагарцава стабільна цяжкі, ён знаходзіцца ў рэанімацыі.
Начальнік Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Гомельскага аблвыканкама Сяргей Белы кажа, што яны накіравалі запыт у Свярдлоўскую вобласць пра стан здароўя Пагарцава: "На сённяшні дзень са слоў сваякоў вядома, што мужчына правядзе ў бальніцы яшчэ доўга, перавозіць яго ў Беларусь пакуль нельга. Пры неабходнасці мы дапаможам у транспартаванні, аднаўленні і лячэнні ў нашай краіне, калі пацыент пойдзе на папраўку".
Дачка Пагарцава з мужам спачатку жылі ў машыне каля клінікі. Але пасля розгаласу ў СМІ іх пасялілі ў прыватным доме недалёка ад бальніцы, дзе ляжыць кіроўца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.