Урад разгружае настаўнікаў: падпіска на “Камуніста” і 600 кг макулатуры
“Дзеці ўжо па пад’ездах у суседзяў просяць макулатуру”. Пасля наватарскіх прапаноў ад Анатоля Тозіка працы ў настаўнікаў стала яшчэ больш.
"Трэба забараніць на заканадаўчым узроўні каму б там ні было ўмешвацца ў працэс, прыбраць са школы ўсе лішнія дакументы", — падсумоўваў ужо былы віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік працу групы па аналізе сістэмы адукацыі яшчэ ў кастрычніку. Разам з ім адукацыю аналізавалі 36 чыноўнікаў, кіраўнікоў універсітэтаў і тэхнікумаў.
У настаўніка з мінскай школы Яўгена працы толькі паболела. Цяпер апроч “Настаўніцкай газеты” трэба выпісваць выданне “Камуніст Беларусі”, а таксама сабраць больш чым паўтоны макулатуры за год! Столькі і ў кватэры не змесціш.
“Сказалі выпісаць два выданні “Юны ратавальнік” на клас і газету “Камуніст Беларусі” — на школу. Макулатура павялічваецца з кожным паўгоддзем. Па 500-600 кілаграм ад класа павінныя здаваць кожны год. Дзеці ўжо па пад’ездах у суседзяў просяць макулатуру. Таксама трэба, каб 60% ад школы прайшло вакцынацыю ад грыпу. Даводзіцца бацькоў упрошваць”, — пералічвае дадатковыя абавязкі настаўнік Яўген.
Беларускай мовы на гадзіну больш у школе не стала, як прапаноўваў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. Але расклад заняткаў для аднаго класа прапанавалі напісаць па-беларуску.
“Сказалі пашырыць інфармацыйную прастору на беларускай мове. Напрыклад, для аднаго класа каб павесілі заняткі на беларускай мове. Такі прыклад чыноўнікі прыводзілі. Навучальныя і выхаваўчыя мерапрыемствы па культуры Беларусі, стэнды”, — тлумачыць Яўген.
Залішнімі дакументамі пакуль не напружваюць, ацэньвае працу камісіі настаўнік адной з цэнтральных мінскіх школ Андрэй:
“Пакуль заціхла ўсё. Асаблівых зменаў няма. Падпіска засталася на выданні, выпісваем для старэйшых дзяцей таксама”.
У настаўніка з Магілёўскага раёна Аляксея ў школе скасавалі прымусовую падпіску. Але паводле яго інфармацыі, гэта адзінкавы выпадак.
“Гэта датычыць толькі нашай школы, я выпадкова даведаўся. Яшчэ мы ўздымалі пытанне, каб праезд аплачваўся тым, хто ездзіць з іншага горада. Але гэта не ўвялі, бо не прадугледжана законам”.
Вучні настаўніцы беларускай мовы Волі з Мінска збіраюць 35 кілаграм макулатуры на чалавека ў год. Але адміністрацыя дазваляе сабраць палову нормы, лагодныя…
“Збольшага новага нічога не ўвялі, але і старое не прыбралі”, — кажа Вольга.
У Міністэрстве адукацыі і ўрадзе Еўрарадыё не паведамілі, калі будуць прынятыя прапановы працоўнай групы Анатоля Тозіка і ці запрацуюць яны наогул. Гэтая група сабралася ў пачатку верасня і ўнесла прапановы ўжо ў кастрычніку. А напрыканцы снежня Анатоль Тозік перастаў працаваць ва Урадзе.
Фота: pianetamamma.it