Ва ўмовах санкцый беларускае паходжанне замінае стартапам — Imaguru

Беларускія стартапы перабіраюцца за мяжу / pixabay.com
Беларускія стартапы перабіраюцца за мяжу / pixabay.com

Ва ўмовах санкцый стартап-кампаніям замінае беларускае паходжанне. Да такой высновы прыйшлі аўтары даследавання беларускай стартап-экасістэмы ў выгнанні.

Яго правяла каманда стартап-хаба Imaguru і даследчы цэнтр Envision пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Фармат даследавання прадугледжваў інтэрв'ю з 11 заснавальнікамі буйных стартап-кампаній беларускага паходжання. Іх сукупная ацэнка перавышае 5 мільярдаў еўра.

Прэзентацыя даследавання адбылася ў рамках адкрыцця праграмы Еўрапейскага Саюза па падтрымцы венчурнага і стартап-асяроддзя ў Беларусі.

Заснавальніца Imaguru Таццяна Марыніч адзначыла, што "беларускае паходжанне ва ўмовах санкцый перашкаджае прадпрымальнікам любога маштабу развіваць свой бізнес нават за мяжой. Гэта так званы ўскосны эфект санкцый. Ён можа распаўсюджвацца на прадпрымальнікаў, якія не маюць ніякіх сувязяў з палітычным рэжымам у Беларусі і, натуральна, не знаходзяцца ў санкцыйным спісе".

Праўда, апытаныя кіраўнікі стартапаў не лічаць санкцыі сур'ёзнай перашкодай для росту свайго бізнесу. Яны разглядаюць свае кампаніі ў кантэксце развіцця сусветнай стартап-экасістэмы і аб'ектыўна сутыкаюцца з шэрагам выклікаў на міжнародных рынках венчурнага капіталу.

Таксама даследаванне паказала, што апытаныя заснавальнікі стартапаў не хочуць адаптавацца да наступстваў крызісу ўнутры Беларусі. Яны аддаюць перавагу ліквідацыі кампаній у Беларусі і рэлакацыі супрацоўнікаў. Аднак 90% апытаных заснавальнікаў хочуць захаваць сувязі і кантакты з Беларуссю, каб спрыяць пераменам і дапамагаць краіне ў будучыні.

Каб захаваць стартап-экасістэму для будучыні Беларусі, Еўрасаюз запускае праграму падтрымкі беларускіх стартапаў. Адным з яе прыярытэтаў стане аб'яднанне стартап-заснавальнікаў праз нэтворкінг на базе стартап-хабаў у Вільні і Варшаве і анлайн на адлегласці. Плануецца ствараць даступныя адукацыйныя праграмы высокага ўзроўню для інавацыйных кампаній, інвестараў і бізнес-уласнікаў, а таксама навучальныя паездкі для заснавальнікаў у еўрапейскія экасістэмы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі