Валянціна Аліневіч: Гэта садызм у дзяржаўнай форме

“Гэта пачалося не сёння, а ў сярэдзіне траўня. Раптам мяне выклікалі і сказалі, што мая актыўная пазіцыя ў дачыненні да сына не падабаецца. Прапанавалі перагледзець маю пазіцыю — і тады мяне пакінуць на працы. Калі я гэтага не зраблю, то мяне звольняць”, — расказвае Валянціна Аліневіч у каментары Еўрарадыё.



Пра непрацягненне кантракту з БДЭУ Валянціна напісала раніцай 28 чэрвеня на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Ва універсітэце яна працавала на кафедры эканомікі. Расказвае, што ўсе “перамовы” з ёй вяла непасрэдная начальніца. Аднак Валянціна перакананая, што ініцыятыва зыходзіла зверху.



На думку маці Ігара Аліневіча, улады мэтанакіравана ціснуць на сваякоў палітвязняў. “Гэта садызм у дзяржаўнай форме”, — гаворыць яна. Паводле Валянціны, калі б хацелі проста звольніць, то маглі б зрабіць гэта значна больш карэктна.



Валянціна Аліневіч: “Я ўжо пажылая жанчына, на пенсіі. Калі б са мной спакойна не падпісалі кантракт на наступны год, то мне, вядома, было б непрыемна. І ўсе б разумелі, што за гэтым стаіць. Аднак гэта было б больш карэктна”.



Пакуль Аліневіч не мае канкрэтных планаў на бліжэйшую будучыню. Плануе адпачыць.



Нагадаем, што 27 траўня 2011 года сын Валянціны Ігар быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі. Ігара Аліневіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно “Шангры Ла” і ізалятар у завулку Акрэсціна. Нядаўна выйшла напісаная ім за кратамі кніга “Еду ў Магадан”, дзе Ігар апісвае сваё жыццё за кратамі.

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі