Vegetables прэзентавалі новы альбом і кліп (слухаць, глядзець)
Цяпер у музыкаў альбомаў больш, чым адыграных канцэртаў.
Мінскае інды-трыа Vegetables выдала трэці альбом пад назвай "Now and then". У дадатак музыкі прэзентавалі і кліп на першую песню дыска “Robots”, галоўным героям якога зноў стаў мядзведзь у інвалідным вазку. На альбом трапіла 10 англамоўных трэкаў з жаночым вакалам, толькі адзін з якіх выдаваўся раней.
“Настрой на альбоме такі ж, напэўна, як і на папярэдніх, — з усмешкай каментуе удзельнік гурта Зміцер Чарняўскі. — Хіба што, мы падышлі да працы больш сур’ёзна, а адсюль і якасць палепшала. А яшчэ я праспяваў там цэлую песню, раней я і слова ў мікрафон не казаў. А ўвогуле, альбом складаецца з вельмі розных стылістычна песень”.
Музыкі смяюцца, што цяпер у іх будзе больш пласцінак, чым канцэртаў, якіх яны за сваю 3-гадовую гісторыю сыгралі толькі два. Але восенню гэтую сітуацыю плануюць выправіць, для чаго пачынаюць актыўна рэпетаваць.
Нагадаем, пераможцы ў намінацыі “Найлепшае відэа” за кліп “Baloo” па выніках музычнай прэміі Еўрарадыё “Даём рады-2012” Vegetables ужо маюць у сваёй дыскаграфіі дзве пласцінкі: "The Day Before Today" і “Добрый слон, будь здоров и живи долго”. Абедзве датуюцца 2012 годам.
Скачаць альбом можна таксама на сайте мультылэйбла Пяршак