Vegetables выдаюць новы альбом і новы кліп пра мядзведзя ў вазку (тызер)
Навінкі ад мінскага гурта з'явяцца ўжо на наступным тыдні.
На наступным тыдні мінскае інды-трыа Vegetables выдае трэці альбом пад назвай "Now and then". Музыкі смяюцца, што цяпер у іх будзе больш пласцінак, чым канцэртаў, якіх яны за сваю 3-гадовую гісторыю сыгралі ўсяго два.
"Будуць англамоўныя песні, і мне падаецца, што яны будуць добрыя, — як заўсёды, сціпла распавядае ўдзельнік гурта Зміцер Чарняўскі. — І мне падаецца, што мы тут не надта адхіляемся ад раней абранага напрамку — песні ізноў разнастайныя. Але хочацца думаць, што мы рухаемся ўверх".
Альбом "Now and then" складуць 9 трэкаў з жаночым вакалам. У падтрымку альбома Vegetables рыхтуюць кліп, у якім галоўным героям зноў стане мядзведзь у інвалідным вазку.
"Харызматычны мядзведзь-інвалід — гэта такі наш герой. Да таго ж, мы акцёры не ахці якія, а за мядзведзем гэтага не відаць. Калі адзін стаміўся, то іншы ўдзельнік гурта можа быць мядзведзем. Гэта зручна", — распавядае Дзіма пра рацыянальны падыход да здымкаў.
Альбом і новы кліп Vegetables будуць выпушчаныя на лэйбле "Пяршак" у адзін дзень.
Нагадаем, пераможцы ў намінацыі “Найлепшае відэа” за кліп “Baloo” па выніках музычнай прэміі Еўрарадыё “Даём рады-2012” Vegetables ужо маюць у сваёй дыскаграфіі дзве пласцінкі: "The Day Before Today" і “Добрый слон, будь здоров и живи долго”. Абедзве датуюцца 2012 годам.