Відэа, як муха стала зоркай чарговых тэледэбатаў Клінтан і Трампа
Муха стала зоркай чарговых тэледэбатаў Хілары Клінтан і Дональда Трампа. Яна на некалькі секунд села на брыво кандыдаткі ад Дэмакратычнай партыі падчас яе прамовы. Аднак Хілары Клінтан праявіла вытрымку і ніяк не адрэагавала на "атаку насякомага".
Тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты ЗША прайшлі 9 кастрычніка ва Універсітэце Вашынгтона ў Сэнт-Луісе. Паводле першых апытанняў Хілары Клінтан зноў перамагла. Трампу давялося апраўдвацца за скандальны відэазапіс, на якім ён распавядаў, як хапаў жанчын за інтымныя месцы. У той жа час кандыдат ад Рэспубліканскай партыі паабяцаў, што ў выпадку перамогі дасць загад праверыць электронную пошту Клінтан (ён нагадаў пра скандальную гісторыю, калі яна, займаючы пасаду дзяржсакратара ЗША, вяла службовую перапіску з асабістага акаўнта электроннай пошты), а пасля адправіць яе ў турму. Хілары Клінтан прызнала, што гэта была яе памылка і яна "не шукае апраўданняў".
Гаворачы пра Сірыю, Клінтан абвінаваціла Расію ў дэстабілізацыі сітуацыі ў гэтай краіне. Яна стала на абарону ўцекачоў, заявіла, што мусульмане — частка амерыканскага грамадства. Дональд Трамп, наадварот, абвінаваціў саперніцу ў жаданні прыняць усіх уцекачоў, а сярод іх могуць аказацца тэрарысты. Што да Сірыі, дык Трамп лічыць, што саюз ЗША і Расіі быў бы паспяховым.