Подпісы за кандыдатаў збіраюць замест працы і адпачынку
Зборшчыкі подпісаў могуць немагчымае: адначасова быць у двух розных месцах — на працы і на пікеце.
Ля ўніверсама “Цэнтральны” збіраюць подпісы за дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку і Таццяну Караткевіч. Адразу пытаюся ў члена ініцыятыўнай групы Караткевіч: чаму не на працы ў панядзелак раніцай?
— Я Яўген Рыбакоў, у лютым трапіў пад скарачэнні, таму зараз беспрацоўны, маю рэгістрацыю беспрацоўнага. І маю час збіраць подпісы за свайго кандыдата, − пераканаўча кажа Яўген.
Група Таццяны Караткевіч вельмі кантактная і актыўная
Пікет у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі побач. Тут тры чалавекі. Адзін з іх прадстаўляецца Мікалаем Іванавічам Шырокім. Пытаюся, чаму збірае подпісы за свайго прэтэндэнта ў кандыдаты.
— Я ўпэўнены ў стабільнасці. Упэўнены, што мае ўнукі будуць бегаць па вуліцы і іх ніхто не будзе чапаць. У нас тут снарады ды ракеты не лятаюць.
Цікавімся, дзе ж працуе член ініцыятыўнай групы.
Мікалай Шырокі: Працую у галіне сувязі. Вядучы інжынер на “Белтэлекаме”.
Еўрарадыё: Дык вы ў адпачынку?
Мікалай: Не, у адпачынак пайду 3 жніўня, паедзем з жонкай у санаторый. У мінулым годзе вандравалі – па Беларусі і Расіі.
Еўрарадыё: Добра, а чаму вы зараз не на працы? У Вас жа працоўны дзень, так?
Мікалай разам з ініцыятыўнай групай.
Мікалай пацвярджае, што канкрэтна ў гэты час ён павінен быць на працоўным месцы, акурат да 17.00. Вядучы інжынер спрабуе пераканаць, што збор подпісаў бадай што калектыўнае заданне і місія № 1!
Мікалай: У нас на працы створана камісія, калектыў выбраў.
Еўрарадыё: Дык вы не на працы і на працы?
Мікалай: Я працую ў сябе на працы.
Перапытваю, ці вядучы інжынер “Белтэлекама” можа выконваць свае непасрэдныя абавязкі ля ўніверсама “Цэнтральны”?
Мікалай: А я выконваю тут грамадзянскія даручэнні і ў той жа час працую. Я змянюся зараз і пайду выконваць сваю працу.
Еўрадыё: Мікалай, і ўсё-такі: якім чынам вам будуць плаціць заробак, калі вы не на працы?
Мікалай: Ну папрацую да 20.00. А так працую да 17.00.
Ля сталічнай школы № 1, што насупраць гатэля “Спадарожнік”, — яшчэ адзін пікет за дзеючага прэзідэнта. Тут шэсць чалавек – дзве жанчыны і чацвёра мужчынаў. Мужчыны падпіраюць агароджу і хаваюцца ад мяне за газетай. Жанчыны збіраюць подпісы. Марына Мікалаеўна і Алена Рыгораўна працуюць у школе № 90, а за столікам на прыпынку грамадскага транспарта праводзяць свой… адпачынак!
А вось у мінулым годзе яны былі з адпачынку за мяжой — у Прыбалтыцы ды Германіі.
Наступны пікет — ля Акадэміі кіравання. Педагог–сацыёлаг Наталля гаворыць, што таксама зараз у адпачынку.
— Вы ведаеце, людзі ідуць падпісвацца. Бо не хочуць такога, як ва Украіне, − кажа Наталля.
Ініцыятыўная група ля Акадэміі кіравання
Самы багаты пікет — ля ГУМа. Тут ініцыятыўныя групы збіраюць подпісы і за Караткевіч, і за Гайдукевіча, і за Лукашэнку.
Член ініцыятыўнай групы Гайдукевіча Анжаліка скончыла БДЭУ, паступіла ў магістратуру.
— Вырашыла папрацаваць на блага партыі, на блага радзімы! За Сяргея Васільевіча збіраю подпісы, — кажа Анжаліка.
Дзяўчынка Ірына з ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч працуе прадавачкай у гандлёвым цэнтры “Замак”, на збор подпісаў траціць… свае выходныя!
Ірына з сяброўкай збіраюць подпісы за "свайго" прэтэндэнта ў кандыдаты на пост прэзідэнта
— Таццяна прапаноўвае мірныя перамены, сама вельмі прыемная. Мы тут на пікеце, вечарам ходзім па кватэрах. Гэта добра – мець зносіны з людзьмі, даведвацца, чым яны цікавяцца. Я ўсе выходныя так праводжу – гэта мая ініцыятыва! Многія думаюць: ну як гэта — у выходныя? Але мне гэта прыемна і цікава! І падабаецца размаўляць з людзьмі, − кажа Ірына.
Члены ініцыятыўнай групы дзеючага кіраўніка дзяржавы ля ГУМа — самыя некантактныя.
— Калі б вы падпісаліся, я б вам расказаў і хто я, і дзе працую, а калі вы подпіс не ставіце, я не абавязаны вам нічога расказваць, − але пасведчанне члена ініцыятыўнай групы Яўген Зладзееў вымушаны паказаць. Шляхам няхітрых маніпуляцый даведваемся, што збірае ён подпісы побач з працоўным месцам – працуе ў ГУМе.
Супрацоўнікі ГУМа могуць быць і на працоўным месцы, і на зборы подпісаў адначасова
Тэлефануем ў аддзел кадраў, каб спытаць, дзе супрацоўнік.
— На працоўным месцы, − безапеляцыйна кажуць у аддзеле кадраў ГУМа.
Окей, але чаму на працоўным месцы супрацоўнік ГУМа збірае подпісы? Аддзел кадраў раіцца ўсім складам і фармулюе прыстойную версію:
— Ён быў не на працы, у свой вольны ад працы час, у нас праца па зменах…
Еўрарадыё: Але ж вы казалі толькі што, што ён на працы зараз?
Аддзел кадраў: Дык нам тут падказалі, што ён тады быў не на працы.
Пэўна, не быць на працы і на працы адначасова — норма для сацыяльнай дзяржавы, якую будуем 20 год.