Выйшаў на волю былы галоўны ідэолаг БЕЛТА — палітвязень Сяргей Адзярыха
Сяргей Адзярыха
Стала вядома пра вызваленне былога высокапастаўленага менеджара БЕЛТА Сяргея Адзярыхі, асуджанага за "палітыку". Пра гэта даведалася "Наша Ніва".
Адзярыха быў намеснікам гендырэктара БЕЛТА па ідэалогіі. Яго арыштавалі ў кастрычніку 2021 года і прысудзілі пяць гадоў калоніі, прызнаўшы вінаватым у "перавышэнні ўлады". Абвінавацілі яго ў перадачы інсайдарскай інфармацыі Анатолю Котаву ў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне — напрыклад, пра графік паездак Лукашэнкі ці іншых чыноўнікаў. Перададзеныя звесткі публікаваліся ў тг-канале "Нік і Майк", агулам было 58 допісаў. За сваю інфармацыю Адзярыха не атрымліваў грошы.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Прысуджаны яму тэрмін павінен быў закончыцца прыкладна ў ліпені 2026 года. Аднак НН даведалася, што Адзярыха ўжо некалькі месяцаў на волі і працуе таксоўцам: адпаведнае ІП ён зарэгістраваў яшчэ ў кастрычніку 2025 года.
Артыкул, паводле якога асудзілі Адзярыху, быў "карупцыйным", а не "экстрэмісцкім". Таму ён тэарэтычна мог трапіць пад амністыю.