Як чыноўнікі тлумачаць узнагароджанне хакеістаў з каманды прэзідэнта?

У нядзелю, 12 студзеня, Беларусь даведалася пра новых герояў нашага спорту. Пяць хакеістаў-аматараў з каманды прэзідэнта атрымалі “Заслужаных майстроў спорту”. То бок сталі ў адзін шэраг з самымі топавымі беларускімі спартсменамі.

Вось як урачыста пра ўзнагароджанне абвясціў сайт прэзідэнта РБ.

Такога звання, як гэтыя хлопцы, не мае нават зорка сусветнага хакея Міхаіл Грабоўскі. Толькі ў 2012 годзе “Заслужанага” далі такім глыбам, як Аляксандра Герасіменя і найлепшы спартсмен краіны 2011 года барэц-класік Алім Селімаў.

Давайце пазнаёмімся з новымі героямі:

Прэзідэнт уручае званне Сяргею Асташэвічу

41-гадовы дырэктар спорткомплекса “Раўбічы” Андрэй Асташэвіч за зборную Беларусі ніколі не гуляў, але стаў забівалам у камандзе прэзідэнта.

34-гадовы бізнесмен Павел Белы быў перспектыўным юніёрам, але рана скончыў гуляць і хакейнага пораху ў зборнай Беларусі на прэстыжных спаборніцтвах не панюхаў.

Андрэй Міхалёў гуляў за зборную Беларусі і за “Дынама-Мінск”. У 2013 годзе яго дыскваліфікавалі за ўжыванне допінгу.

Сяргей Задзялёнаў таксама быў даволі моцным хакеістам, гуляў за зборную Беларусі. Але ў зоркі не выбіўся, у суперклубах не гуляў і кар’еру скончыў у мінскім “Юнацтве”.

Генадзь Савілаў таксама быў прафесіяналам. У прамянях славы не патанаў, хоць і засвяціўся ў маскоўскім “ЦСКА”. Гуляў за зборную Беларусі, хоць і нячаста.   

Пікантнасць у тым, што паводле Закона РБ “Аб дзяржаўных узнагародах”, атрымліваць “Заслужанага майстра спорту” пералічаныя гульцы не мелі права.

“Пачэснае званне прысвойваецца спартсменам, у тым ліку спартсменам-інвалідам, за дасягненні высокіх вынікаў  на Алімпійскіх, Паралімпійскіх і Сусветных гульнях, чэмпіянатах, першынствах і Кубках свету і Еўропы”, ― сказана ў артыкуле 59 Закона.

Аматарскія турніры, дзе гуляе каманда прэзідэнта, лічыць спаборніцтвамі высокага статусу не выпадае. Дзейным прафесіяналам там удзельнічаць нельга.

Звяртаемся ў Федэрацыю хакея Беларусі з пытаннем, на якіх падставах названым хакеістам уручылі “Заслужаных”.

“Я разумею, калі б Федэрацыя хакея выйшла з такой ініцыятывай! Але мы да гэтага дачынення не маем”, ― тлумачыць сітуацыю Арсеній Якавенка, менеджар аддзела па сувязях з грамадскасцю ФХРБ.

Дарэчы, хвалебных  одаў пяцёрцы з каманды кіраўніка краіны не было ні на сайце Мінспорту, ні на старонцы Федэрацыі хакея.

Тэлефануем на нумар прэс-службы прэзідэнта Беларусі, просім патлумачыць, чаму хакеісты з аматарскай каманды атрымалі такія паважаныя званні.

“Шмат размаўляеце. Карацей, што вы хочаце запытаць?” ― абразае вострыя вуглы асоба, што назвалася супрацоўнікам прэс-службы кіраўніка Беларусі.

Еўрарадыё: На якіх падставах вось гэтыя людзі атрымалі гэтыя званні?

“Паводле Указа прэзідэнта”, ― сканчае дыялог супрацоўнік.

Так склалася, што ўказы прэзідэнта ў нашай краіне ― самы галоўны аргумент. Але раней такіх пікантных фокусаў з прысуджэннем “Заслужаных майстроў спорту” не здаралася.

Масава хакеістам выдавалі такія званні двойчы ў нашай незалежнай гісторыі.

У 2007 годзе восем гульцоў мінскага “Юнацтва” атрымалі ЗМС за перамогу ў Кантынентальным кубку. Сапраўды гэта было важкае дасягненне.

У 2002 годзе “Заслужаных” далі хакеістам зборнай Беларусі за 4-е месца на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці. З такім рашэннем цяжка спрачацца. Тады значок не выдалі толькі Васілю Панкову, якога абвінавацілі ва ўжыванні допінгу. Зрэшты, нападнік не вельмі ўкрыўдаваў. Ён ужо быў Заслужаным майстрам спорту Расіі, меў неаспрэчны аўтарытэт сярод беларускіх заўзятараў.

Нечаканае пытанне Еўрарадыё пра ўзнагароджанне пяцярых хакеістаў-аматараў падняла Васілю Панкову настрой:

“Напэўна, калядны турнір гэты цэніцца больш за Алімпіяду. Не трэба прафесійнай кар’еры. Тры дні адгуляў ― і атрымаў “Заслужанага”. Вось і ўсё. Таму, як бачыце, у нас выгадна выступаць на калядных турнірах”. 

Фота president.gov.by і belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі