Як імаверныя кандыдаты ў прэзідэнты дакументы ў ЦВК насілі

У адрозненне ад Аляксандра Лукашэнкі, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы якога падалі ў Цэнтрвыбаркам 14 ліпеня “цішком”, лідары ЛДПБ і “Справядлівага свету” Сяргей Гайдукевіч і Сяргей Калякін пра час свайго паходу ў ЦВК паведамілі журналістам загадзя. Ідзем разам з імі, каб на ўласныя вочы назіраць працэс.

Каб трапіць у ЦВК падчас выбарчага міжсезоння, неабходна выпісваць разавы пропуск і праходзіць праз цэнтральны ўваход Дома ўраду. Але ў выбарчы перыяд адчыняецца спецыяльны ўваход — з боку Чырвонага касцёла. Там дастаткова паказаць ахоўніку пашпарт і рэдакцыйнае пасведчанне, прайсці праз рамку металашукальніка раз на ўваходзе на тэрыторыю Дома ўраду і другі — на ўваходзе ў сам Дом ураду. Дзе цябе яшчэ і запішуць у спецыяльную “Кнігу наведнікаў”. Усё, ты ў святая святых беларускай выбарчай машыны.

Сяргей Калякін і яго намеснік Валерый Ухналёў спазняюцца хвілін на 10 ад прызначанага імі ж часу. Відаць не разлічвалі, што давядзецца праходзіць праз металашукальнік, выкладаючы з кішэняў усе металічныя рэчы — патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты палёгкі ахова не робіць.

Сустрэча ўдзельнікаў выбарчай кампаніі з супрацоўнікамі ЦВК адбываецца ў невялічкім пакоі: стол літарай “Т”, чатыры крэслы, мяккая канапа, лядоўня “Атлант” ля дзвярэй, партрэт кіраўніка краіны на сцяне. Прымае дакументы не старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына і нават не сакратар камісіі Мікалай Лазавік, а шараговыя супрацоўнікі. Працэдура простая: у патэнцыйнага кандыдата правяраюць пашпарт і забіраюць у яго заяву з просьбай зарэгістраваць ініцыятыўную групу, спіс яе ўдзельнікаў у папяровым і электронным выглядзе. У спісах у лідара “Справядлівага свету” 1413 чалавек. Усё.

“Ну, і вы ў курсе, Сяргей Іванавіч, — звяртаецца супрацоўніца ЦВК да Калякіна, — што да моманту рэгістрацыі групы вы можаце ўносіць у спіс змены — кагосьці дадаваць ці выкрэсліваць”.

Працэдура скончаная, і Калякін, горды тым, што хоць тут стаў другім пасля Лукашэнкі, выходзіць з пакоя. Проста ў памяшканні ЦВК цікаўлюся ў палітыка, ці хопіць 1413 чалавек, каб сабраць неабходныя для рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзідэнты 100 тысяч подпісаў.

Сяргей Калякін: “Калі людзі будуць шукаць альтэрнатыву, будуць гатовыя аддаць подпісы — гэтага дастаткова. Калі за людзьмі трэба будзе бегаць, каб узяць у іх подпіс, — недастаткова. Але калі трэба будзе ганяцца, то і кампанія сэнсу не мае. Таму мы спадзяемся, што людзі, якія хочуць перамен, гатовыя і самі зрабіць хаця б маленькі крок — паставіць свой подпіс”.

Што да зняцця з выбарчага марафону на пэўным этапе, то, кажа Калякін, яны гатовыя ісці да канца. Але на кожным этапе кампаніі будуць ацэньваць: сапраўды адбываюцца выбары ў краіне ці “пачалася гульня пад назвай “выбары”, у якой мы ўдзельнічаць не жадаем”.

Выходзім у дворык ля ўваходу ў ЦВК, развітваемся з Сяргеем Калякіным і раптам заўважаем на плошчы Незалежнасці лідара АГП Анатоля Лябедзьку. Таксама вырашыў несці спісы сваёй ініцыятыўнай групы сёння? Як высвятляецца, палітык, нібыта абсалютна выпадкова менавіта ў гэты час, прыйшоў у гандлёвы цэнтр “Сталіца” раздаваць запрашэнні запісвацца ў яго ініцыятыўную групу. Што, не хапае людзей?

Лябедзька: “У нас у спісах ужо больш за тысячу чалавек. З іх каля 700 — зборшчыкі-валанцёры, якія самі прыйшлі. Гэта той рэсурс, які дазваляе сабраць 100 тысяч подпісаў пры адной толькі ўмове: калі людзі пойдуць да нас. Калі давядзецца шукаць іх на летніках ці на ўзбярэжжы Грэцыі, то будзе складаней”.

— На якім этапе будзеце здымацца? — задаю правакацыйнае пытанне Лябедзьку. “Мы зробім у гэтай кампаніі столькі крокаў, колькі дазволіць сітуацыя”, — цьмяна адказвае той.

Сяргей Гайдукевіч абяцаў прыйсці ў ЦВК а 12 гадзіне, але спазніўся хвілін на 15. Палітыка суправаджае чалавек 20 партыйцаў, але ў будынак ён заходзіць толькі суправаджэнні сына-намесніка Алега Гайдукевіча і кіраўніка свайго выбарчага штабу Анатоля Хішчанкі.

Працэдура падачы-прыёму дакументаў праходзіць гэтак жа, як і ў Калякіна. Толькі калі першы не забыўся звярнуць увагу прысутных на тое, што “другім пасля Лукашэнкі падаецца”, то Гайдукевіч хваліцца шырынёй ахопу тэрыторыі краіны сваёй ініцыятыўнай групай.

Гайдукевіч:“Ініцыятыўная група — 2500 чалавек. Вы ўсе разумееце, што гэтага цалкам дастаткова, каб сабраць не толькі неабходныя 100 тысяч подпісаў, але і больш. 87 гарадоў і раёнаў, дзе будуць збірацца подпісы за кандыдата ў прэзідэнты Гайдукевіча. Такім чынам, гэта не проста Мінская, Гродзенская ці Гомельская вобласці — будуць збірацца подпісы ва ўсіх гарадах. Бо 87 гарадоў і раёнаў — гэта больш за 2/3 тэрыторыі нашай краіны, дзе будзе праходзіць збор подпісаў. Мы ганарымся гэтым”.

Гайдукевіч-малодшы кліча журналістаў у аўтобус, каб адвезці на прэс-канферэнцыю бацькі. Пасля яе абяцаюць фуршэт. Ахвочых ехаць практычна няма.

На сёння афіцыйная частка скончылася, больш ахвочых падаваць спісы сваіх ініцыятыўных груп няма. Але які ж паход у Дом ураду без “кулуараў”! З калегам з іншага выдання заўважаем у калідоры старшыню Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну. Вырашаю пацікавіцца, ці чакае яна з’яўлення ў апошні момант нікому не вядомых кандыдатаў.

Ярмошына: “Чым бліжэй да выбараў, тым карацейшы тэрмін, тым больш авантурнымі мне ўяўляюцца тыя, хто ўсё ж такі прыйдзе ў апошні момант рэгістраваць сваю групу. Усё ж такі кандыдат, які сур’ёзна плануе браць удзел у выбарах, усё робіць загадзя”.

Застаецца два дні, каб зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу. Па інфармацыі Еўрарадыё, 16 ліпеня панясуць спісы ў ЦВК лідар АГП Анатоль Лябедзька, вылучэнка ад “Народнага рэферэндуму” Таццяна Караткевіч, жонка палітвязня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч паспрабуе зарэгістраваць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. 17 ліпеня пойдуць Віктар Цярэшчанка, Юрый Шульган, Юрый Радзькоў і, магчыма, Уладзіслаў Цітовіч.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі