Як літоўцы будуюць "сцяну" на мяжы з Беларуссю
Літоўцы ўжо будуюць "сцяну" на мяжы з Беларуссю, паведамляе Delfi. На фота відаць, што насамрэч гэта бар'ер з дроту, які мусіць на нейкі час затрымаць нелегальных мігрантаў, каб на месца паспелі прыбыць памежнікі. Калючы дрот з'явіўся на ўчастку мяжы ў наваколлі Друскенінкая. Памежнікі вызначылі яго як адзін з самых уразлівых, дзе мяжу перайшла значная частка нелегалаў (больш за паўтысячы). Бар'ер устанаўліваюць літоўскія вайскоўцы. Агулам там збіраюцца абсталяваць калючым дротам 30 кіламетраў мяжы.
Дарэчы, за мінулыя суткі каля Друскенінкая ўпершыню ў ліпені не было затрымана нелегальных мігрантаў. З пачатку года літоўскія памежнікі агулам затрымалі 1546 нелегалаў (большасць — з Ірака), якія прыйшлі з Беларусі. Гэта амаль у 20 разоў больш, чым за ўвесь мінулы год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.