Як Расія ўплывае на Украіну, Латвію, Арменію і Беларусь
Якая марыянетка не хоча зрэзаць вяроўкі?
Постсавецкія краіны застаюцца пад вялікім інфармацыйным (і не толькі) уплывам Расіі. Як ад яго абараняцца, як змяняецца сітуацыя, якія трэнды і небяспекі для развіцця Усходняй Еўропы яна нясе? Абмяркоўваем гэта з палітолагамі з Украіны, Арменіі і Латвіі: дырэктарам украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам, экспертам армянскага Інстытута міжнародных адносін і бяспекі Рубэнам Меграбянам і Андзісам Кударсам з латвійскага Цэнтра даследаванняў усходнееўрапейскай палітыкі.
Як бачыцца расійскі ўплыў з розных краін
Яўген Магда, Украіна: Рэгіён Цэнтральнай Усходняй Еўропы — усе былыя постсавецкія дзяржавы — гэта сфера павышанага расійскага ўплыву, і не толькі ў інфармацыйнай сферы. Гібрыдны ўплыў можа быць на ўсё вакол. А Украіна на пярэднім краі супрацьстаяння з Расіяй. Увесь цывілізаваны свет сутыкаецца з расійскай гібрыднай агрэсіяй, а ў нас ідзе гібрыдная вайна. Нашы грамадзяне працягваюць гінуць на Данбасе.
Еўрарадыё: Мы гаворым менавіта аб інфармацыйным уплыве, таму што ў першую чаргу ўспамінаюцца расійскія тэлеканалы, тумбы з афішамі канцэртаў расійскіх поп-зорак, у кожнага другога ў Беларусі стартавая старонка — гэта "Яндэкс", вялікая колькасць людзей карыстаецца паштовымі сэрвісамі на mail.ru... Рубэн, у Арменіі сітуацыя падобная?
Рубэн Меграбян, Арменія: Не. Гэта не так. У Арменіі расійскія каналы, колькі б ні вяшчалі, яны не папулярныя. У нас інтэрнэт перамог тэлевізар. Але расійскі ўплыў — гэта сапраўды праблема. Ад мінулых уладаў, да "Аксамітнай рэвалюцыі", Арменіі дасталася асіметрычна вялікая прысутнасць Расіі ў краіне: манаполіі расійскіх дзяржаўных кампаній, ваенная прысутнасць, якой спрыяе неўрэгуляваны канфлікт з Азербайджанам. Але мы хочам рухацца наперад. Арменія зараз стала на шлях рэформаў, і нам удалося данесці да нашых розных партнёраў, у тым ліку і да Расіі, чаму мы гэта робім.
Андзіс Кударс, Латвія: У сферы хард сек'юрыці, цвёрдай бяспекі, Латвія выбірае палітыку стрымлівання. У нас канадскія салдаты, у Эстоніі — брытанцы, у Літве — немцы. Плюс яшчэ шмат іншых салдатаў з краін НАТА. Чаму? Таму што ў 2014 годзе мы ўбачылі, што здарылася ва Украіне. Мы не хацелі гадаць і думаць, што будзе. Шмат хто з журналістаў, калі прыязджалі ў Латвію ў 2015 годзе, пыталіся: ну што — вы наступныя? Можа быць, ва ўсходняй частцы Латвіі, у Латгале, таксама будзе сепаратызм? Канешне не! Там няма такой сур'ёзнай тэндэнцыі. Але ў ваенным плане трэба не гадаць, а падрыхтавацца. І мы гэта зрабілі.
У інфармацыйнай сферы расійскі ўплыў працягваецца. Афіцыйная Расія карыстаецца нашай адкрытасцю. Па даследаваннях "Рэпарцёраў без межаў", усе тры балтыйскія краіны вельмі адкрытыя і свабодныя, ёсць свабода слова, свабода прэсы. Крамлёўскія медыя карыстаюцца гэтым. Асноўны ўплыў у інфармацыйным плане ідзе на рускамоўную аўдыторыю. Але яна неаднародная. Ёсць рускія і рускамоўныя, якія добра інтэграваныя ў Латвіі і шчаслівыя быць еўрапейцамі. Ёсць нейтральная група, не прапуцінская і не пралатвійская. Вось за іх і ідзе барацьба.
Наколькі важна руская мова для расійскай прапаганды?
Еўрарадыё: Закрануты вельмі цікавы моўны фактар, калі расійскі ўплыў карэлюе з рускай мовай. Яўген, Рубэн, як у вашых краінах? Ці ёсць гэты праславуты падзел Украіны па Дняпры? Што ў Арменіі зараз адбываецца з рускай мовай? Ці сапраўды рускамоўная аўдыторыя з'яўляецца больш успрымальнай да расійскага ўплыву, расійскай прапаганды?
Яўген Магда: Ва Украіне істотна абмежавана вяшчанне расійскіх тэлеканалаў і выкарыстанне расійскіх сацсетак. Так, праз ананімайзеры на іх заходзяць, але няма магчымасці чалавеку прыйсці на працу, уключыць камп'ютар і адразу залезці ў "Одноклассники" ці "УКантакце". Гэта ўжо сур'ёзна паменшыла іх аўдыторыю. Але ў нас ёсць іншая праблема: тэлеканалы, украінскія юрыдычныя асобы, працуюць па канонах расійскай прапаганды. Яны могуць вяшчаць на ўкраінскай мове, гэта значыць фактар мовы не першасны. Іншы вядомы факт, што сярод украінскіх вайскоўцаў, якія ваююць на Данбасе (з украінскага боку), ладная палова — рускамоўныя. Гэта значыць моўная праблема шмат у чым надуманая.
У нас нядаўна быў прыняты закон аб забеспячэнні статусу ўкраінскай мовы як дзяржаўнай, але ён толькі фактычна трактуе артыкул Канстытуцыі, паколькі ва Украіне адзіная дзяржаўная мова — украінская. Пры гэтым Украіну спрабуюць дзяўбці, прычым не толькі Расія, за мовы нацыянальных меншасцяў, і ў гэтым ёсць карані нашых пэўных праблем у адносінах з Венгрыяй, дзесьці з Румыніяй, хоць, напрыклад, з Польшчай і Балгарыяй моўная праблема непрыкметная. Я думаю, што і для Беларусі актуальная праблема таго, што ў нашых суседзяў ёсць значныя імперскія амбіцыі і рудыменты імперскага мыслення, якія часам супраць волі, а часам цалкам свядома прарываюцца і ў інфармацыйную прастору, і ў сферу дзяржаўнай палітыкі.
Рубэн Меграбян: Моўнае пытанне ў Арменіі ніколі так рубам не стаяла. Нават у савецкі час Арменія, як і Грузія, былі рэспублікамі, дзе мясцовым мовам быў нададзены статус дзяржаўных. І цяпер у Арменіі ёсць толькі адна дзяржаўная мова — армянская. Руская мова не мае абсалютна ніякага статусу, як і не мае шанцу мець нейкі афіцыйны статус. Руская мова — адна з замежных моў, якім валодаюць грамадзяне Арменіі. Пакаленне маіх дзяцей англійскай валодае ўжо лепш, чым рускай, таму што англійская мова сёння з'яўляецца мовай інфармацыі, мовай інфармацыйнай рэвалюцыі, мовай тэхналогій, мовай рэальных глабальных міжасобасных зносін. Руская мова далёкая ад такіх магчымасцяў.
Плюс да таго Арменія стала краінай-назіральнікам у "Міжнароднай арганізацыі франкафоніі". Пры наяўнасці вельмі вялікага і прасунутага французскага ўніверсітэта ў Арменіі вялікая ўвага аддаецца французскай мове. Вельмі папулярныя ўсходнія мовы. Вельмі шмат ахвотных і фарсі вучыць, і арабскую. Таму ў гэтым плане ў Расіі няма нейкіх эксклюзіўных палёў прапаноў. Напрыклад, у "Sputnik-Арменія" ёсць свая армянскамоўная старонка, каб хоць неяк данесці прапаганду, але наведвальнасць вельмі нізкая.
Андзіс Кударс: У Латвіі Sputnik забаронены. Яны працуюць пад іншым адрасам і на латышскай, але яны не папулярныя. Усё ж такі самыя сур'ёзныя рычагі ўплыву ў інфармацыйнай прасторы Латвіі — гэта крамлёўскія тэлевізійныя каналы. Так, у сацыяльных сетках працуюць боты, яны актыўныя і пішуць як на рускай, так і на латышскай. Але самае галоўнае — гэта тэлебачанне. Многія латышы майго ўзросту і старэйшыя, вядома, ведаюць рускую. Тэлеканалы больш працуюць на рускіх, але атрымліваецца, што і на большую частку латвійскага грамадства.
Еўрарадыё: Інакш кажучы, моўнае пытанне для інфармацыйнага ўплыву Расіі вялікага значэння не мае. Там, дзе рускамоўных людзей больш, больш рускамоўных сайтаў, якія прасоўваюць рускі свет. Там, дзе іх менш, Расія спрабуе трансляваць прапаганду на нацыянальных мовах.
Расійскія шпіёны: міф ці яны актыўныя ў постсавецкіх краінах?
Еўрарадыё: Мы вельмі падрабязна абмеркавалі інфармацыйны ўплыў, давайце зараз пагаворым пра дыпламатычны. Днямі ў Польшчы затрымалі па падазрэнні ў шпіянажы расіяніна. Як часта ў вашых краінах адбываюцца такія скандалы і як бы вы ацанілі імавернасць існавання расійскай шпіёнскай сеткі ў вашых краінах?
Андзіс Кударс: Некалькі гадоў таму ў Латвіі быў скандал, калі апублікавалі e-mail-перапіску латвійскага палітыка Ніла Ушакова. Ён доўгі час быў мэрам Рыгі, а цяпер адзін з лідараў партыі "Згода". У паведамленнях былі судовыя справы, сувязь з расійскімі дыпламатамі і гэтак далей. Цяпер незразумела, якая частка была ўкрадзена, а якая можа быць фэйкам. Але ясна, што расійскія дыпламаты актыўна шукаюць агентаў уплыву. Гэта факт. І вядома, працуюць супрацоўнікі спецслужбаў. Рускамоўнае асяроддзе для іх вельмі спрыяльнае. Ёсць людзі, якія думаюць пра Маскву, шкадуюць, што разваліўся Савецкі Саюз. Іх не шмат, але яны ёсць. У гэтым сэнсе расійскім шпіёнам лягчэй знайсці нейкіх сяброў у нас, чым у ЗША ці Канадзе.
Еўрарадыё: Расійскія дыпламаты дзейнічаюць як сучасныя піяршчыкі. Яны знаходзяць лідараў думак, праз якіх далей можна трансляваць нейкую расійскую думку яўна.
Андзіс Кударс: Асобныя актывісты, недзяржаўныя арганізацыі непасрэдна атрымлівалі фінансавую дапамогу з расійскай амбасады ў Рызе. Ёсць буйныя фонды, якія працуюць у розных краінах. Там тое ж самае, "Рускі свет" і "Фонд Гарчакова" (Фонд падтрымкі публічнай дыпламатыі імя Аляксандра Міхайлавіча Гарчакова. — Еўрарадыё). У нас няма іх сур'ёзных прадстаўніцтваў, але ўсё роўна ёсць людзі, праз якіх яны могуць працаваць, праз недзяржаўныя арганізацыі. У Латвіі вельмі проста стварыць недзяржаўную арганізацыю і займацца ў тым ліку нейкімі палітычнымі пытаннямі. Частка латвійскіх палітыкаў былі актывістамі недзяржаўных арганізацый Латвіі, якія атрымліваюць грошы з Расіі. Партыі не могуць атрымліваць грошы, а недзяржаўныя арганізацыі могуць. Не наўпрост, але ўскосна Расія дапамагала палітыкам, якія прасоўвалі прамаскоўскія каштоўнасці ў пытаннях знешняй палітыкі і гэтак далей. Мы бачым старанні паўплываць на розумы і сэрцы як латышоў, так і рускіх, асабліва рускіх, пастаянна.
Рубэн Меграбян: Сітуацыя ў Арменіі адрозніваецца ад латвійскай і ўкраінскай хоць бы тым, што Арменія і Расія фармальна з'яўляюцца саюзнікамі (па АДКБ. — Еўрарадыё). Арменія выступае за гарызантальныя, раўнапраўныя, цывілізаваныя, адпаведныя XXI стагоддзю, празрыстыя адносіны з Расіяй. Натуральна, мы не маем намеру ладзіць скандалы і канфлікты, але часам на гэта нарываецца расійскі бок. Упершыню ў гісторыі спадар Пуцін павіншаваў экс-прэзідэнта краіны, які знаходзіцца ў турме па абвінавачанні ў звяржэнні канстытуцыйнага ладу... віншаваў з Новым годам Роберта Качарана. Гэтага яму аказалася мала, ён яшчэ і павіншаваў яго з днём нараджэння, пажадаўшы яму стойкасці, і назваў яго сябрам Расіі.
Вядома, у нас гэта, акрамя пачуцця гідлівасці, большага не выклікае. Арменію ў пытаннях уласнага правасуддзя, у пытаннях сваіх унутраных спраў не цікавіць, хто і што пра яе думае. У нас улада сфарміравана ў выніку цалкам адпаведных міжнародным стандартам выбараў. Таму мы ўпэўненыя ў сабе, незалежна ад чыіхсьці маскоўскіх або прамаскоўскіх настрояў.
Еўрарадыё: Арменія знаходзіцца і ў Савеце Еўропы, і ў АДКБ. Захад — Усход.
Рубэн Меграбян: Гэта нашы геаграфічныя асаблівасці. Ва Украіны на захадзе ЕС і НАТА, у нас на захадзе Турцыя. Гэта не падарунак. Таму мы разумеем, што, будучы аддаленымі ад асноўнай часткі Еўропы, жывём у рэгіёне, дзе дзейнічае не еўрапейскае гуманістычнае разуменне сітуацыі, а як у Парку Юрскага перыяду: хто смелы — той і з'еў. Таму нам трэба пытанні экзістальнага характару вырашаць неяк больш разважліва.
Яўген Магда: У верасні адбыўся абмен палоннымі, і сярод палонных быў перакладчык нашага экс-прэм'ера Уладзіміра Гройсмана. Расійская разведка дзейнічае ў непасрэдна ваенным плане на Данбасе і працуе супраць узброеных сіл Украіны, дзейнічае як агентура ўплыву. Дыпламатычныя адносіны паміж Расіяй і Украінай не разарваныя, але амбасадараў няма з 2014 года.
Украіна — прыклад таго, да чаго можа прывесці стратэгічнае партнёрства з Расіяй. Гэта добры ўрок для ўсёй постсавецкай прасторы і для ўсіх краін, якія бачаць магчымасць сябраваць з расійскім мядзведзем. Сябраваць з расійскім мядзведзем можна, але толькі тады, калі ён знаходзіцца ў клетцы. Безумоўна, расійскія элементы ўплыву ва Украіне існуюць. Не сакрэт, што частка ўкраінскага грамадства лічыць Расію сяброўскай краінай. Гэта выдаткі дэмакратыі, як і тое, што ў дэмакратычным грамадстве фэйкі і дэзынфармацыя распаўсюджваюцца хутчэй, чым у грамадстве аўтарытарным, таму што больш інфармацыйных каналаў. Мы атрымліваем досвед дарагой цаной, таму многія ўкраінскія эксперты імкнуцца як мага больш інтэнсіўна даносіць гэты досвед нашым еўрапейскім партнёрам. І Беларусь у гэтым плане не выключэнне.
Забароны — добрая зброя супраць расійскай прапаганды?
Еўрарадыё: Ці працуюць забароны? У Беларусі, напрыклад, вельмі складана забараніць нешта расійскае. Хоць бы таму, што межы паміж Беларуссю і Расіяй адкрытыя.
Андзіс Кударс: У Латвіі мала што закрываецца. Але вось, напрыклад, Sputnik... Па статуце Sputnik і інфармагенцтва "Расія сёння" павінны дапамагаць дасягнуць мэт знешняй палітыкі Расіі. Значыць, гэта афіцыйны орган і наогул не масмедыя. Мы не хочам закрываць медыя, але, напрыклад, расійскія каналы Расія-РТР або РТР-Планета нельга назваць медыя. Гэта не медыя, не журналісты. Адбываецца падмена паняццяў. Па прынцыпах ЕС, калі ёсць прапаганда вайны, мова варожасці, значыць, мы не проста можам гэта закрыць, а мы павінны гэта зрабіць. Гэта супраць законаў. Нельга заклікаць да вайны. Расія-РТР закрывалася на час, таму што быў заклік да вайны, ваенная прапаганда. Мы не закрылі масмедыя, мы закрылі рычаг расійскай прапаганды, дэзынфармацыі. Галоўнае — не падмяняць паняцці.
Еўрарадыё: Ці змянілі нешта забароны ва Украіне? Ці дасягнулі афіцыйныя ўлады таго эфекту, якога хацелі?
Яўген Магда: Забароны далі досвед супрацьстаяння некаторым нашым заклятым сябрам, якія крытыкавалі нас за гэты крок. Я лічу, што ў многіх еўрапейскіх краінах, дзе значны працэнт рускага насельніцтва, такое абмежаванне расійскіх сацсетак і вяшчання расійскіх тэлеканалаў з'яўляецца правільным. Але гэта не адзіны шлях, не панацэя, не чароўны ўкол, які вылечыць адразу ўсё грамадства. Не, нам у першую чаргу трэба не толькі забараняць, нам трэба павялічваць колькасць ведаў адно пра аднаго. Мы павінны як мага больш ведаць пра сябе і як мінімум пра сваіх суседзяў, таму што мы часцяком жывём у ілюзіі, што ўкраінцы шмат ведаюць пра палякаў, а палякі пра ўкраінцаў, украінцы пра беларусаў, а беларусы пра ўкраінцаў. Але гэта, на жаль, часцяком стэрэатып. Гэтаксама, як ва Украіне сапраўды ёсць стэрэатып, што тры балтыйскія дзяржавы — тры абсалютна брацкія рэспублікі, хоць паміж усімі краінамі ў сучасным канкурэнтным свеце ёсць пэўныя супярэчнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.