Як у Маскве затрымлівалі адваката Юрыя Зянковіча

Юрый Зянковіч / svaboda.org
Юрый Зянковіч / svaboda.org

Супрацоўнікі беларускага КДБ затрымалі ў Маскве амерыканскага адваката беларускага паходжання Юрыя Зянковіча, паведамляе БелаПАН са спасылкай на жонку юрыста Алену Дзенісавец.

Па яе словах, Зянковіч знаходзіўся ў Еўропе ў бізнес-паездцы. У планах былі сустрэчы ў Варшаве і Маскве. У панядзелак 12 красавіка ён павінен быў вярнуцца ў ЗША, але з нядзелі перастаў адказваць на званкі.

"Гэта была бізнес-паездка, наколькі я ведаю. Але Юрый — чалавек палітычна актыўны, калі была магчымасць сустрэцца з палітыкамі, ён бы не адмовіўся ад гэтай магчымасці", — сказала Дзенісавец. Нагадаем, да эміграцыі ў ЗША Зянковіч быў актывістам партыі БНФ.

Калі муж перастаў адказваць на яе паведамленні, жонка спачатку падумала, што муж можа быць заняты. Але потым пачала хвалявацца. Яна патэлефанавала ў маскоўскую гасцініцу, дзе павінен быў спыніцца Зянковіч.

"Менеджэр гасцініцы распавяла, што бачыла, як мужа затрымлівалі нейкія мужчыны, скруцілі. Потым падышлі на ресепшн, спыталі, дзе яго пакой, паказаўшы нейкія пасведчанні. Сказалі, што Юрый падазраецца ў тэрарызме, і забралі яго рэчы", — распавяла Дзенісавец.

На наступны дзень — у аўторак 13 красавіка — з ёй звязаўся адвакат Павел Ульянцаў з Мінска. Мужчына напісаў Дзенісавец у вайбер і паведаміў, што Зянковіч знаходзіцца ў Мінску, у турме КДБ. Адвакат таксама перадаў просьбу мужа паклапаціцца пра бяспеку акаўнтаў і гаджэтаў.

"Адвакат сказаў, што затрымлівалі беларускія спецслужбы ў Маскве. Я спытала, што яны рабілі ў суседняй дзяржаве. Ён сказаў нешта накшталт: "Вы ж самі ўсё разумееце", — адзначыла Дзенісавец.

У Зянковіча два грамадзянства — Беларусі і ЗША. Па словах Дзенісавец, амерыканскія дыпламаты ўжо праінфармаваныя аб сітуацыі.

Дзенісавец таксама распавяла пра затрыманне ў Мінску Вольгі Галубовіч — супрацоўніцы міграцыйнага офіса, кампаніі Зянковіча, якая займалася турызмам. З верасня 2020-га года офіс не працаваў — яго вырашылі закрыць. Галубовіч таксама знаходзіцца ў СІЗА КДБ. "Яе муж напісаў, што яе затрымаў КДБ, пакуль на трое сутак", — распавяла Алена Дзенісавец.

Напярэдадні таксама стала вядома аб затрыманні ў Маскве беларускага палітолага Аляксандра Фядуты. У КДБ паведамілі, што Фядута і затрыманы ў Шклове старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў з'яўляюцца падазраванымі па крымінальнай справе, але не ўдакладнілі, па якой менавіта. 

Зяць Кастусёва Зміцер Антончык у інтэрв'ю Еўрарадыё казаў, што хутчэй за ўсё гаворка ідзе аб крымінальнай справе ў сувязі з заклікамі да дзеянняў, накіраваных на захоп улады ў Беларусі. Ва ўселякім выпадку, менавіта гэты артыкул гучаў падчас ператрусу ў яго дома. "Ад супрацоўнікаў КДБ прагучала: "Дзеянні, накіраваныя на захоп улады". Мне супрацоўнікі КДБ расшыфравалі артыкул так", распавёў Антончык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі