Як вярнуць беларусам беларускую мову? Адказы кандыдатаў

Як вярнуць беларусам беларускую мову? Адказы кандыдатаў

Калі верыць Канстытуцыі Беларусі, то ў нас дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Мовы дзве, але ўмовы існавання ў іх зусім не роўныя. 

Як прапануюць вырашаць моўнае пытанне кандыдаты ў прэзідэнты?

Сяргей Гайдукевіч, беларускую мову ведае, але на ёй не размаўляе — няма практыкі:

“Без мовы развіццё нацыі не-маг-чы-ма-е! Ні культурнага развіцця, ні ўвогуле паняцця ўмацавання нацыянальнага суверэнітэту. Што да сённяшняга двухмоўя, то ламаць праз калена нельга. Тым больш што, як гэта ні прыкра, больш за 90% насельніцтва размаўляе на рускай мове. Адсюль пытанне: што рабіць? Трэба абавязкова перайсці ўсім чыноўнікам на беларускую мову. Чыноўнікаў у нас больш за 100 тысяч. Калі яны ўсе пачнуць размаўляць на роднай мове, гэта будзе адзінай магчымасцю, каб у перспектыве пытанне з беларускай мовай само знікла. Калі чыноўнікі пачнуць з людзьмі размаўляць на мове, то і людзі пачнуць з імі на ёй размаўляць. І не можа беларускі чыноўнік, прыязджаючы за мяжу, выступаць там па-руску — хай робяць транслэйт з беларускай! Пераважнай большасці грамадзян хопіць месяца-паўтара, каб перайсці на беларускую мову ў такім выпадку — бо ўсе яе ведаюць, вучылі, але практыкі размоўнай не маюць”.

Як вярнуць беларусам беларускую мову? Адказы кандыдатаў
Сяргей Гайдукевіч

Таццяна Караткевіч, свабодна валодае беларускай мовай:

“Прэзідэнт павінен размаўляць па-беларуску, чыноўнікі павінны ведаць і беларускую, і рускую мову і весці дакументацыю і па-беларуску, і па-руску — каб не было ў гэтым праблемы. Трэба адкрыць і ўніверсітэт беларускі, да прыкладу, у Мінску — універсітэт Францішка Багушэвіча. Гэта дапамагло б развіваць беларускую мову і падтрымала б пераход ВНУ і школ, каб выкладалі там па-беларуску. Ёсць у нас сёння магчымасці адчыняць і беларускамоўныя школы, і садкі, класы. А самае галоўнае — у нас ёсць грамадзянская ініцыятыва: сёння шмат моладзі размаўляе па-беларуску, валанцёры перакладаюць фільмы на мову — іх варта падтрымаць, у нас ёсць кампанія “Будзьма”, якая пашырае развіццё беларускай культуры. Ёсць ініцыятыва, ёсць годныя ідэі, ёсць магчымасці — трэба дадаць палітычнай волі”.

Як вярнуць беларусам беларускую мову? Адказы кандыдатаў
Таццяна Караткевіч

Мікалай Улаховіч, беларускай мовай не валодае і нават разумее яе слаба:

“Я да пятага класа вучыўся ў беларускай школе. Але я саромеюся размаўляць на беларускай мове, бо шмат гадоў на ёй не гаварыў. А каб гаварыць на беларускай мове, трэба думаць па-беларуску”.

Тым не менш у праграме казацкага атамана напісана: “Развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці беларускай нацыі… праз адраджэнне роднай мовы”. Якімі ў штабе Улаховіча бачаць спосабы гэтага адраджэння, тлумачыць яго начштаба Міхаіл Образаў

“Калі кажуць так: “Не ведаеш мовы — на дзяржслужбу не паступіш, не ведаеш мовы — такога рангу дзяржслужбоўца не будзе”, — гэта няправільна. Спачатку трэба людзей навучыць, прывучыць, а потым ужо нешта патрабаваць з яго. Як было ў савецкія часы: прыходзіла настаўніца ў клас і казала дзецям, каб тыя з бацькамі параіліся і вырашылі, будуць яны вучыць беларускую мову ці не. Хто хацеў — вучыў мову, хто гэтага не захацеў — вучылі ў гэты час матэматыку. І мову тады ведалі, і літаратуру беларускую. І цяпер так трэба. Хай 70% пажадае вучыцца па-руску, а 30 — па-беларуску, але паступова, з часам, сітуацыя выправіцца”.

Як вярнуць беларусам беларускую мову? Адказы кандыдатаў
Мікалай Улаховіч

Аляксандр Лукашэнка, беларускую мову ведае, але амаль ёй не карыстаецца. І ў праграме кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі нічога пра мову няма.

“Беларуская мова адрознівае нас як нацыю. Мы павінны яе ведаць, як рускую. У мяне малы расце, я хачу, каб ён ведаў беларускую дакладна гэтак жа, як рускую”. 

“Я заўсёды дэманстраваў сваю пазіцыю, што нікому нельга ўказваць, на якой мове размаўляць. Сваёй роднай мовай беларускую лічыць больш за 60% насельніцтва. Калі б мы пачалі ціснуць, было б наадварот".

Даведка Еўрарадыё: З больш як 400 тысяч дзяцей, якія наведваюць дзіцячыя садкі, толькі 43 тысячы — у садках беларускамоўных. У беларускамоўных класах вучыцца крыху больш за 135 тысяч вучняў з амаль 1 мільёна школьнікаў. З амаль 130 тысяч навучэнцаў толькі 300 атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю на матчынай мове і яшчэ 300 з амаль 360 тысяч — вышэйшую адукацыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі